Санаторий «Лесные озёра» уже вновь принимает отдыхающих

Общество

Эпідэмічная сітуацыя істотна паўплывала на дзейнасць беларускіх устаноў, якія займаюцца аздараўленнем і санаторна-курортным лячэннем. У маі практычна ўсе здраўніцы з-за адсутнасці кліентаў вымушаны былі часова зачыніцца. Аднак з 1 чэрвеня некаторыя з іх зноў пачалі прымаць адпачываючых. У ліку трох санаторыяў “Белпраф­саюз­ку­рор­та”, якія першымі аднавілі работу, аказаліся і нашы “Лясныя азёры”. Мы наведалі здраўніцу, каб паглядзець, якім чынам яна “вяртаецца да жыцця”.

“Чаму раней за многіх выйшлі з прастою? Паспрыяла паляпшэнне эпідэмічнай сітуацыі ў Віцебскай вобласці, а таксама тое, што ў нас былі патэнцыяльныя кліенты, якія забраніравалі месцы і не адмовіліся ад адпачынку, – расказвае дырэктар санаторыя В.М.Грынкевіч. – У першых чыслах заехала 25 чалавек, потым колькасць павялічылася да 80, на сённяшні дзень адпачывае больш 60. У асноўным, канечне, беларусы, аднак ёсць і трое расіян – спадзяемся, што іх колькасць узрасце, як толькі ўлады суседняй краіны канчаткова вызначацца наконт неабходнасці двухтыднёвага каранціну пасля адпачынку ў Беларусі”.

Меры бяспекі ў санаторыі, вядома ж, павышаныя: масачны рэжым, рэгулярная дэзінфекцыя, рэцыркулятары паветра, спецыяльна закупленыя і ўстаноўленыя ў памяшканнях масавага прабывання, тройчы на дзень – кантроль з выкарыстаннем цеплавізараў і многае іншае.

У сонечны пасляабедзенны час большую частку адпачываючых мы прадказальна ўбачылі на беразе возера. І абсалютна ўсе, з кім пагутарылі, выказалі толькі станоўчыя водгукі. “Мы тут ужо другі тыдзень і вельмі задаволены, – расказвае сям’я Пчолкіных з Мінска. – У санаторыі незвычайная “дамашняя” атмасфера, выдатны персанал і адміністрацыя, якія прыслухоўваюцца да кожнай заўвагі і прапановы, вельмі ўтульны катэдж, смачныя стравы, цудоўная лазня і бібліятэка, вечарамі гуляем у валейбол, танцуем на адкрытай пляцоўцы. А якія ж у вас краявіды! Аб’ехалі на веласіпедах навакольныя вёскі і засталіся ў захапленні ад іх дагледжанасці, добразычлівасці жыхароў. Мы пабывалі на многіх курортах, у тым ліку еўрапейскіх, таму нам ёсць з чым параўноўваць. Задумаліся нават аб тым, каб набыць тут зямельны ўчастак. А яшчэ расказалі пра санаторый сваім знаёмым і яны ўжо забраніравалі пуцёўкі на наступныя месяцы”.

З тым, што адпачываць лепш на радзіме, згодны і загарэлы маладжавы мінчанін Аляксандр Аляксандравіч: “18 год запар праводжу водпуск у санаторыях Беларусі. Аднойчы, праўда, дачка заманіла ў Турцыю, дык я не мог дачакацца вяртання дамоў!”

Задача гэтым летам у “Лясных азёр”, як і іншых беларускіх здраўніц, складаная – калі не зарабіць, то хаця б выйсці “ў нуль”. І кіраўніцтва, менеджэры, персанал робяць усё магчымае, каб максімальна наблізіць санаторый да звычайнага рытму работы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Хоць і няпростае зараз эканамічнае становішча ў здраўніцы, аднак дырэктар не спыняе планаў па развіцці яе базы: днямі, напрыклад, прайшоў экспертызу праект будаўніцтва водалячэбніцы, і зараз запускаецца працэдура па пошуку падрадчыка. Фінансуецца ж аб’ект па спецыяльнай інвестыцыйнай праграме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *