
Такую колькасць гасцей Расонам складана было нават прыняць. Не жарты – дзве тысячы ўдзельнікаў абласных “Дажынак” – амаль палова жыхароў гарадскога пасёлка. З кожнага раёна Віцебскай вобласці прыехалі дэлегацыі незалежна ад таго, былі пераможцы ў намінацыях ці не.
Урачыстае дэфіле калон, ушаноўванне перадавікоў губернатарам вобласці Аляксандрам Мікалаевічам Косінцам, святочны канцэрт, мноства адкрытых канцэртных пляцовак…
Хто з раёна і быў актыўным удзельнікам свята, так гэта нашы культработнікі. На асобнай пляцоўцы ўшачане паказвалі забаўляльную праграму. Свае вырабы з дрэва, саломкі, карціны прывезлі прадстаўнікі клуба майстроў “Адраджэнне”. Пачаставацца беларускімі клёцкамі, поліўкай, кісялём і караваямі падыходзілі да народнага клуба “Прысмакі” ўдзельнікі і госці “Дажынак”. Палатачны гарадок разбіла ў Расонах і наша райспажыўтаварыства.
Падобнае, першае ў вобласці мерапрыемства, ушачанам карысна было пабачыць і яшчэ па адной прычыне. Абласныя “Дажынкі” наўмысна будуць праводзіцца ў невялікіх райцэнтрах Віцебшчыны, каб надаць гарадам іншы выгляд, імпульс на далейшае развіццё. Многа чаго пабудавана і адрамантавана ў Расонах, з’явіўся нават басейн. Вызначаны і спіс гарадоў-шчасліўчыкаў, у якіх у наступныя гады пройдзе падобнае мерапрыемства: Браслаў, Гарадок, Лёзна, Ушачы і Сянно. Такім чынам мы будзем сустракаць перадавікоў жніва ў 2014 годзе.
