Зарядили телефон — не забудьте отключить зарядку от электросети!

Профилактика и безопасность

Зарадзіўшы мабільны тэлефон, планшэт ці іншы гаджэт, мы часта адключаем ад іх шнур, а саму зарадную прыладу пакідаем уключанай у разетку. Знаёмая сітуацыя?

Такое парушэнне правіл бяспекі дапускаюць многія, не задумваючыся, што ў сетцы бываюць скачкі напружання, тэхнічныя збоі і ў выніку “зарадка” можа не толькі задыміцца, але і загарэцца. Хоць некаторыя сучасныя зарадныя прылады для тэлефонаў аснашчаны ўбудаванай сістэмай абароны ад узгарання, але ў кожнага прыбора ёсць тэрмін службы, і корпус прылады можа аплавіцца і загарэцца, калі выпрацаваны рэсурс. Ніколі не зараджайце мабільнік усю ноч! Яшчэ адно правіла, якое варта выконваць, – гэта выкарыстанне арыгінальных зарадных прылад, прызначаных менавіта для канкрэтнай мадэлі тэлефона або планшэта. Калі выкарыстоўваецца іншая, больш магутная “зарадка”, то ёсць рызыка ўзгарання яе самой ці нават выбуху акумулятара. Вялікую небяспеку ўяўляе зарадная прылада, пакінутая ў разетцы падчас навальніцы.

Выратавальнікі нагадваюць, што любыя электрапрыборы нельга пакідаць у рэжыме чакання, калі гэта не патрабуецца спецыфікай іх працы, як, напрыклад, у халадзільнікаў.

***

Вучэнні, сходы і ўрокі

Порцыю ведаў па правілах бяспекі дома, у быце, на рабочых месцах атрымалі ўшачане падчас Адзінага дня бяспекі. У яго рамках у раёне ўжо адбылося шмат разнапланавых мерапрыемстваў. Напрыклад, тактыка-спецыяльныя вучэнні па ліквідацыі надзвычайных здарэнняў з удзелам аператыўных службаў прайшлі на аб’ектах з масавым прабываннем людзей – фізкультурна-аздараўленчым комплексе (на здымку), магазіне “Санта”, а таксама Ушацкім раёне газазабеспячэння. На апошнім прадпрыемстве правялі дзень адчыненых дзвярэй, дзе ўшачане маглі не толькі азнаёміцца з дзейнасцю службы, а і атрымаць адказы на пытанні, звязаныя з газавай гаспадаркай. Ва ўсіх навучальных установах раёна, у тым ліку і дашкольных, праводзяцца ўрокі бяспекі, акцэнтавана ўвага на правілах паводзін на дарозе і пажарнай бяспецы. Яшчэ больш узмацнілі прафілактычную работу і выратавальнікі, якія разам з газавікамі выступілі ў працоўных калектывах лясгаса, ЖКХ, Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, ТЦСАН і іншых. Порцыю ведаў па бяспецы атрымалі і вясковыя жыхары – тэматычныя сельскія сходы прайшлі ў Кублічах, Селішчы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *