Проблемные карьеры

Общество

У нашым раёне толькі адзін прамысловы – у Звоні – плошчай 6,1 гектара, астатнія 11 – унутрыгаспадарчыя, у асноўным плошча кожнага з іх 0,2 гектара.

Кар’еры патрэбныя, але ж і адпавядаць яны павінны метадычным рэкамендацыям па іх размяшчэнні. У іх прапісана, што глыбіня не павінна перавышаць двух метраў, урадлівы слой павінен быць зняты для далейшай рэкультывацыі, неабходны аншлаг з указаннем землекарыстальніка.

Ці адпавядаюць нашы кар’еры гэтым патрабаванням? Шчыра кажучы, не заўсёды. Возьмем, для прыкладу, той, што рашэннем райвыканкама адведзены за вёскай Краснае КУСГП “Глыбачаны” на два гады. Патрэба ў ім у сувязі з будаўніцтвам аграгарадка Глыбачка была вастрэйшая, вось і выдзелілі 20 сотак урадлівай глебы. Для сваіх патрэб гравій там бяруць і дарожнікі, і будаўнікі, і само сельгаспрадпрыемства, аднак у гэтым выпадку апынуўся ён без нагляду… і пачалося.

Перш за ўсё трэба было б вызначыцца з дарогай да месца распрацоўкі гравію, якая прайшла па палетках, падсыпаць яе, каб не рабіць аб’езды праблемных участкаў па полі. Гэтага не зрабілі, а ў выніку месцамі ўшырыню яна складае пад 20 метраў, нарэзаны глыбокія каляіны.

Сам кар’ер ужо даўно перасягнуў вызначаную плошчу. Урадлівы слой зняты толькі месцамі, а глыбіня дасягае і шасці метраў. А яшчэ, калі ўлічыць, што размешчаны ён на схіле гары, то рэкультывацыя бачыцца праблемнай, а то і немагчымай – у лепшым выпадку гэты ўчастак будзе прыгодным толькі для выпасу жывёлы.

Карыстацца кар’ерам будуць яшчэ доўга і не цяжка ўявіць, што там будзе да канца вызначанага тэрміну.

З-за неналежнага выкарыстання кар’ераў прынята рашэнне аб рэкультывацыі ў гэтым годзе чатырох: па 0,2 гектара ў Азаранках, Вялікіх Дольцах, Старынцэ, 0,5 гектара – у Вацлавове. Работа праведзена на трох, у Старынцэ завяршае ПМК-66, акрамя гэтай арганізацыі працавалі работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм і ДРБУ-105. На будучы год закрыюцца яшчэ два па 0,5 гектара каля вёсак Федаронкі і Корсакава.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што месцамі з’яўляюцца і невялікія неафіцыйныя кар’еры, дзе цяжка, а часам, і немагчыма знайсці таго, хто браў гравій, там справы абстаяць яшчэ горш.

Ёсць і закінутыя кар’еры, дзе не праведзена рэкультывацыя, яны затым пераведзены ў разрад міні-палігонаў для смецця. Калі ўжо гаварыць аб іх, то прынята рашэнне з 33-х зменшыць іх колькасць да 24-х, у тым ліку і ліквідаваць 6 тых, што размешчаны ў кар’ерах. Замест міні-палігонаў, якія ёсць каля вёсак, паставіць там кантэйнеры для збору смецця. З фонду аховы прыроды на іх набыццё сёлета УП ЖКГ выдзелена 20 мільёнаў рублёў і 30,7 мільёна – на навядзенне парадку на звалках. На сённяшні дзень кантэйнеры ўжо з’явіліся ў вёсках Ціханяты і садаводчым кааператыве “Дружба”.

Як бачна, на ахову навакольнага асяроддзя выдзяляюцца немалыя сродкі, але ж пры правільным землекарыстанні яны маглі б пайсці на іншыя, не менш патрэбныя мэты.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *