Пьяный подросток за рулём

Общество

На нядаўнім пасяджэнні па справах непаўналетніх разглядаліся даволі павучальныя для многіх выпадкі. Трэба сказаць, што ўсе падлеткі трапілі на пасяджэнне ўпершыню, але аб’ядноўвала іх адно – яны сталі ўдзельнікамі небяспечнага дарожнага руху. Кожны пры сваіх абставінах.

Ніхто не даведаецца, нічога страшнага не здарыцца – напэўна так думаў шаснаццацігадовы хлопец, які ўзяў ноччу машыну сваёй старэйшай сястры. Магчыма, маглі быць у яго і зусім іншыя думкі, аднак перад гэтым ён выпіў у кампаніі сяброў піва, якое і надало ўпэўненасці юнацкаму максімалізму. Хлопец вырашыў пракаціцца па вуліцах гарпасёлка, а заадно і падвезці свайго сябра. Аднак далёка заехаць яшчэ “зялёнаму” вадзіцелю не прыйшлося, бо яго спынілі супрацоўнікі аддзялення ДАІ. На шчасце, не здарылася бяды, бацькам жа непаўналетняга прыйдзецца заплаціць штраф у памеры 25-ці базавых велічынь.

Наступны выпадак развіваўся зусім па іншым сцэнарыі, але зноў жа на дарозе. Шаснаццацігадовая дзяўчына не брала тайна аўтамабіль, а папрасіла бацьку навучыць яе кіраваць машынай. Дзяржаўтаінспекцыя на ажыўленай дарозе ў населеным пункце і спыніла аўтамабіль, за рулём якога знаходзілася непаўналетняя асоба, побач знаходзіўся яе бацька. Менавіта яго можна лічыць вінаватым у гэтай сітуацыі. Паколькі ў дадзеным выпадку не было ніякіх абцяжарваючых фактаў, дзяўчына па месцы вучобы характарызуецца станоўча, ёй вынесена папярэджанне.

У трэцім выпадку сітуацыя выглядала прасцей: юнак перабягаў дарогу не па пешаходным пераходзе ў горадзе Полацку. Такіх парушальнікаў сёння тысячы, іх нават і не злічыць. Аднак гэта парушэнне Правілаў дарожнага руху і, пераходзячы дарогу ў неадведзеным месцы, мы ставім сябе ў небяспечнае становішча.

Розныя сітуацыі, але ва ўсіх удзельнікі рызыкавалі як сваім жыццём, так і акружаючых. На шчасце, не здарылася непапраўнага. Па сутнасці, усе яны маглі зрабіць інакш, але выпрабоўвалі свой лёс і ўдачу, якая, магчыма, у наступны раз можа аказацца не на іх баку. Ёсць над чым задумацца…

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *