На Ушаччыне працягваецца вакцынацыя ад каранавіруса, а разам з ёй – тлумачальная работа медыкаў, накіраваная на папулярызацыю прышчэпак сярод насельніцтва. Сёння на пытанні нашых чытачоў адказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Павел Аляксандравіч САЎЧАНКА:
– Ці трэба праходзіць лабараторныя даследаванні (агульны аналіз крыві, мачы, “біяхімію”) перад вакцынацыяй?
– У большасці выпадкаў – не. Усім пацыентам прышчэпка прызначаецца ўрачом пасля адмысловага апытання, агляду, вывучэння медыцынскага анамнезу. Правядзенне лабараторнага і (ці) дыягнастычнага абследавання можа спатрэбіцца ў асобных выпадках людзям з хранічнай паталогіяй у мэтах ацэнкі інтэнсіўнасці працякання захворвання.
– Ці можна прафілактычна прымаць якія-небудзь сродкі, каб знізіць рызыку развіцця поствакцынальных рэакцый (дрыжыкі, павышэнне тэмпературы цела, галаўныя болі)?
– Не трэба гэта рабіць! Названыя рэакцыі – заканамернае праяўленне імуннай сістэмы на ўвядзенне вакцыны. Спробы прафілактычнага прыёму антыгістамінных сродкаў ці тых, што паніжаюць жар, могуць негатыўна паўплываць на фарміраванне абароны: прывесці да менш моцнага і менш працяглага спецыфічнага імунітэту.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.