Свои креативные идеи учителя предлагали на Первом региональном педагогическом эдутоне «Ушачская волна»

Общество

У адзін з уік-эндаў напрыканцы мая нешматлікія жыхары Турасполля азадачана назіралі за тым, як да аднайменнага дзіцячага лагера чарадой пад’язджаюць машыны і аўтобус: вучэбны год, здаецца, яшчэ не скончыўся, ды і людзі, што з вясёлым гоманам спяшаліся засяліцца ў корпус, яўна перасягнулі школьны ўзрост…

В.Мартынюк, У.Хамёнак, А.Грысюк, Т.Бандарэнка і В.Пахоменка працуюць над праектам.

Гэта так, ды ўсё ж да школы візіцёры мелі самае непасрэднае дачыненне: наша “Турасполле” стала месцам для правядзення Першага рэгіянальнага педагагічнага эдутона “Ушацкая хваля”, на які прыехалі каля паўсотні крэатыўных і творчых настаўнікаў з розных куточкаў Беларусі, каб падзяліцца ідэямі, сумесна выпрацаваць новыя праекты. Паўдзельнічаць у мерапрыемстве прапанавалі і карэспандэнту “Патрыёта”: і калі напачатку ў элітнай педагагічнай суполцы я адчувала сябе крыху няёмка, то пакідала лагер з прыемным багажом уражанняў і цікавых знаёмстваў.

Мерапрыемства менавіта ў такім двухдзённым выязным фармаце было дэбютным – дагэтуль нефармальныя пляцоўкі для зносін педагогаў ладзіліся толькі ў форме так званых эдкэмпаў на базе розных устаноў адукацыі нашай краіны. Варта крыху расказаць пра гісторыю руху. Education Camp – міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася 11 год таму ў ЗША, а ў нашай краіне яе распаўсюдзілі Анастасія і Яўген Пугач, якія зараз і ўзначальваюць некамерцыйную арганізацыю “EdCamp Belarus”.

Л.Трафімава (злева) са сваёй камандай.

“У 2017 годзе мы выпадкова трапілі на буйны эдкэмп, які праводзіўся ў Харкаве – Украіна тады якраз увайшла ў лік 26 краін свету, якія далучыліся да ініцыятывы, – расказвае Анастасія. – Відовішча было незвычайнае: некалькі соцень апантаных людзей з паламянымі вачыма мітусіліся па зале і фантанавалі ідэямі, як удасканаліць навучальны працэс і разнастаіць пазашкольную работу. “Цікава, а ў нас такое арганізаваць магчыма?” – задаліся мы пытаннем – і агучылі тэму на конкурсе сацыяльных праектаў “Social Weekend”. Дайшлі да фіналу і атрымалі магчымасць рэалізаваць задуму – у выніку Беларусь таксама далучылася да ініцыятывы, якая на цяперашні момант аб’ядноўвае больш паўсотні дзяржаў. Наш праект паспяхова развіваецца: калі на першы эдкэмп у Мінску сабралася 80 удзельнікаў, то на чацвёртым было ўжо каля 350”.

Трэба ўдакладніць, што Міністэрства адукацыі непасрэдным арганізатарам эдкэмпаў не выступае, аднак усяляк падтрымлівае рэалізацыю прагрэсіўнага праекта. Вось і перад пачаткам эдутона на Ушаччыне лагер для прыезду гасцей падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дапамаглі супрацоўнікі аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама і ў вырашэнні іншых арганізацыйных пытанняў.

Крэатыўныя педагогі краіны, дарэчы, прыбылі да нас неўпершыню: мінулай восенню міні-эдкэмп ладзіўся на базе Ушацкай школы. Адкуль такая ўвага да сціплага рэгіёну Прыдзвіння? Справа ў нашых педагогах, якія з’яўляюцца сябрамі ініцыятывы і нават стварылі адмысловы настаўніцкі клуб “Інсайт”. Амаль з самага пачатку падтрымала праект “EdCamp Belarus” Вольга Жыткая, не так даўно папоўнілі суполку і сталі яе актывістамі Уладзімір Хамёнак і Алена Марозава. Менавіта яны прыдумалі ідэю эдутона “Ушацкая хваля”, узялі на сябе абавязкі яго галоўных арганізатараў – і справіліся з імі выдатна!

В.Жыткая.

Да такіх сустрэч нікога не прымушаюць: педагогі едуць на іх, каб самаўдасканаліцца, ацаніць перспектыву ўласных ідэй, пачуць парады, пераняць у калег нешта слушнае і проста зарадзіцца натхненнем і пазітывам. На старце эдутона ўдзельнікі агучылі некалькі “сырых” тэм, якія на фінішы павінны былі аформіцца ў канкрэтныя педагагічныя альбо сацыяльныя праекты. Вакол ідэй фарміраваліся каманды – кожны далучыўся да найбольш цікавай. Вядома ж, на “дамашнім” эдутоне ўшацкае прадстаўніцтва было як ніколі багатым, і нашы землякі працавалі практычна ва ўсіх творчых групах. Вольга Жыткая, Алена Марозава і Наталія Падгол склалі ядро каманды, якая распрацоўвала праект “МедыЯнастаўнік”. Калі коратка, то сэнс яго ў тым, каб дапамагчы педагогам адаптавацца ў медыяпрасторы, бо без гэтых навыкаў немагчыма быць цікавымі для сучасных вучняў.

Ідэю аб правядзенні на базе школ сямейных кулінарных батлаў распрацоўвала суполка на чале са сталічным педагогам, паспяховай цяжкаатлеткай і прафесійным дыетолагам Марынай Бандаровіч. “Увайшла ў склад гэтай каманды, бо раней займалася сямейным праектам для дзяцей і бацькоў “Яблык пазнання” – хоць ён мае інтэлектуальны напрамак, аднак падабенства ёсць”, – адзначала ўшацкая настаўніца Людміла Трафімава.

Нагадваць пра эдутон і наш гасцінны раён педагогам краіны будзе промапрадукцыя – ручкі, блакноты і значкі з надпісам “Ушацкая хваля”, якія былі падрыхтаваны арганізацыяй “EdCamp Belarus”.

Тэму па сваім прадмеце абрала педагог з Арэхаўскай школы Таццяна Ліленка, далучыўшыся да віцябчанкі Ганны Жукавай і яе калег, якія другі год спрабуюць аднавіць сядзібу знакамітага вучонага-батаніка У.Адамава ў Вялікіх Лётцах, а ў дзень яго нараджэння ў сярэдзіне ліпеня хочуць правесці там экапленэр для школьнікаў “Батанік паці”. Ну а “крэйсер” “Ушацкай хвалі” Уладзімір Хамёнак паспяваў усюды – і бытавыя пытанні вырашаў, і творчую групу нашых землякоў у складзе Вольгі Мартынюк, Вольгі Пахоменкі, Таццяны Бандарэнкі і Аляксандра Грысюка, якая распрацоўвала праект “Я – настаўнік”, узначальваў.

Удзельнікі эдутона прыдумвалі новыя формы ўзаемаадносін педагогаў і бацькоў (тут свае веды прымяняла дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Людміла Давыдава), планавалі бізнескампанію па вырошчванні мікра-зеляніны і арганізацыю STEAM-лагера, у якім школьнікі будуць весці доследную работу па біялогіі, хіміі і іншых дысцыплінах. У апошнюю каманду (на здымку ўнізе), касцяк якой складалі настаўнікі з Глыбокага і Пастаў, спрытна ўпісалася кіраўнік народнага клуба “Муза” Людміла Дунец: яна хоць і працуе зараз у сферы культуры, але мае педагагічную адукацыю, а падчас эдутона знаёміла гасцей з літаратурнай спадчынай нашага краю.

А вось кулінарныя асаблівасці Ушаччыны яны ацанілі дзякуючы намаганням мясцовых повараў, якія частавалі прысутных супам са шчаўя ды клёцкамі з душамі. Ну а вечар, як і належыць, прайшоў з вогнішчам, песнямі, танцамі, гульнямі і нават лазняй.

Самае ж галоўнае, што літаральна ўсе праекты, якія каманды аформілі і паспяхова абаранілі перад журы (яно складалася з кіраўнікоў “EdCamp Belarus” і экспертаў-ментараў), былі зроблены не для пыльных паліц, а для рэальнага ўвасаблення ў жыццё. А яно абавязкова будзе станавіцца лепш, бо ёсць вакол нас такія людзі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

◆ Вось якія водгукі аб эдутоне выказалі пазней у сацсетках яго ўдзельнікі:
Юлія Некраш: “З’язджаючы на рэгіянальнае мерапрыемства, нават не ўяўляла, які высокі ўзровень арганізацыі я пабачу на “Ушацкай хвалі”.
Таццяна Мікульчык: “На Дзіве было дзіва!.. Вяртаюся з Ушач і разумею, што набыла яшчэ больш сяброў. І жывуць яны ў розных кутках маёй Беларусі, але аб’ядноўвае нас усіх адно: мы любім тую справу, якой займаемся. І гэта сапраўднае шчасце!”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *