Ольга Петровна Захаренко

Общество

Ёсць катэгорыя людзей, якія поўнасцю прысвяцілі сябе адной справе, выконваюць яе з усёй душой, імкнуцца працаваць з задавальненнем і праводзяць дзень не ў чаканні, калі ж ён скончыцца. У аддзяленні “Белаграпрамбанка” такім чалавекам бясспрэчна з’яўляецца Вольга Пятроўна Захарэнка.

Даўно заўважыла такую заканамернасць: працавітыя і адказныя людзі, як правіла, вельмі сціплыя, не хочуць афішыраваць выдатныя вынікі сваёй працы, імкнуцца заставацца ў цяні і не бачаць нічога незвычайнага ў тым, што чалавек старанна працуе.

Менавіта такая рыса характару ўласціва Вользе Пятроўне, а вось калектыў аднагалосна падтрымаў ідэю аб тым, што такіх работнікаў павінны ведаць усе.

Яна родам з суседняй Глыбоччыны. Пасля заканчэння прэстыжнага ў савецкія часы ўлікова-крэдытнага тэхнікума ў горадзе Рыга прыехала працаваць ва Ушацкі раён. З таго часу, а гэта быў 1973 год, так засталася тут на пастаяннае месца жыхарства. Ва Ушачах знайшла сваю другую палавінку, нарадзілася сям’я. Першым месцам працы і стала ўшацкае аддзяленне тады яшчэ Дзяржбанка. Працавала на пасадзе старшага эканаміста, у крэдытным аддзеле, а з 1998 года і па сённяшні дзень з’яўляецца намеснікам упраўляючага аддзялення.

– Гэта той чалавек, якому можна смела даверыцца, там дзе яна, заўсёды парадак і я ўпэўнена, што тады тая ці іншая справа будзе выканана, – гаворыць упраўляючая аддзялення “Белаграпрамбанк” у г.п.Ушачы Галіна Анатольеўна Цісковіч, – у Вольгі Пятроўны заўсёды свая кропка погляду, якую яна гатова адстойваць і даказваць, нават калі яе думка не супадае з думкай кіраўніцтва і гэта вельмі станоўчая рыса, якая ёсць не ў кожнага.

Сёння амаль 40 працэнтаў работнікаў банка гэта моладзь да 31 года. Многаму трэба навучыцца, набрацца вопыту. І ёсць у каго! В.П.Захарэнка заўсёды гатова дапамагчы і растлумачыць, разабрацца ў сітуацыі. Праз яе школу прайшлі многія супрацоўнікі банка. Зараз яна курыруе работу кас, аддзела рознічных паслуг, інфармацыйных тэхналогій. Так, напрыклад, аддзел рознічных паслуг ушацкага аддзялення ў агульным рэйтынгу на 1 снежня займаў 32 месца сярод 66 такіх жа па рэспубліцы.

Як вядома, самаадданая праца не застаецца незаўважанай. Вольга Пятроўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Віцебскай абласной канторы Дзяржбанка, двойчы ёй аб’яўлялася падзяка начальніка філіяла Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ “Белаграпрамбанк”, а таксама падзяка старшыні праўлення ААТ “Белаграпрамбанк”.

Новы год і прафесійнае свята для работнікаў банка заўсёды напружаныя – заканчэнне і пачатак года, трэба многае паспець зрабіць, штогод 31 снежня працуюць ледзьве не да бою курантаў, выходзяць на работу і ў першыя дні года, прафесійнае свята часта праводзяць на рабочым месцы.

Адзін толькі той факт, што Вольга Пятроўна не змяніла за гэты час месца працы, не здрадзіла роднаму банку нават у тыя часы, калі было вельмі складана, калі прыходзілася шмат працаваць, а зарплата была маленькай, заслугоўвае ўвагі і павагі да гэтага чалавека. Яна сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Адкрытая і добразычлівая, любячая жонка, маці, бабуля. Лёгка знаходзіць кантакт нават з незнаёмымі людзьмі. Яна даўно заваявала аўтарытэт і павагу сярод сваіх калег і знаёмых, заслугоўвае толькі добрых і цёплых слоў.

Залаты чалавек і дастойны прадстаўнік складанай прафесіі.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку: В.П.Захарэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *