Ванна за 50 рублей, возвращение в тюрьму и позаимствованный телефон. Хроника происшествий в Ушачском районе

Происшествия

Галоўнае – не з пустымі рукамі

Пенсіянерка з Ушач усяго дзень адсутнічала дома. Але гэтага часу зламыснікам нават з запасам хапіла на тое, каб правесці ў яе двары “рэвізію”. Прычым, з пустымі рукамі пакідаць чужыя ўладанні тыя дакладна настроены не былі. Таму, не знайшоўшы нічога каштоўнага, уцягнулі старую чугунную ванну. Урон, які панесла грамадзянка, склаў 50 рублёў. Грошы невялікія – з расчараваннем, якое ахапіла пасля высвятлення абставін справы, не параўнаць. Выкрадальнікамі аказаліся знаёмыя пацярпелай, што жывуць па-суседстве – 1985 і 1992 гадоў нараджэння.

Сямейныя разборкі

Сямейная спрэчка, якая адбылася нядаўна ў адной з вёсак Ушацкага сельсавета, ледзь не скончылася трагедыяй. Прыгадаўшы старыя крыўды, мужчына 1988 года нараджэння пачаў пагражаць роднай сястры забойствам. Ну а каб не быць галаслоўным, схапіў сякеру. Па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа.

Няўдалая “тэлефаністка”

Сустрэча дзвюх ушачанак за кубачкам алкагольных напояў зацягнулася. Гаспадыня дома сабралася класціся спаць, другая ж – 2002 года нараджэння – папрасілася крыху затрымацца, “пасядзець” у яе тэлефоне. Тая дала дабро, вось толькі раніцай, калі прачнулася, гэтага сродку сувязі не знайшла. Госця запэўнівала, што пакінула мабільнік на стале, і “пераводзіла стрэлкі” – маўляў, позна вечарам заходзіў іх агульны знаёмы, магчыма, ён і выкраў. І толькі калі пацярпелая паставіла ўльтыматум: “Калі да 15 гадзін тэлефона не будзе – пішу на цябе заяву ў міліцыю”, сяброўка ва ўсім прызналася, запэўніўшы, што верне. Вось толькі да вызначанага часу не паспела – у выніку “зарабіла” крымінальную справу.

Няўдзячны нашчадак

Пасля вяртання з месцаў не такіх аддаленых ураджэнка аграгарадка Арэхаўна 1990 года нараджэння знайшла прытулак у бацькоўскім доме. Вось толькі яе лад жыцця не быў па душы блізкім, жанчына ж заўваг чуць не хацела… З дапамогай праваахоўнікаў давялося нават прымусова яе высяляць. Але ж тая аказалася не промах – непрыкметна ўзяла запасны ключ ад дома і пазней вярнулася, каб грунтоўна затарыцца. У поле зроку зламысніцы трапілі мабільны тэлефон бацькі, прадукты харчавання, адзенне і іншыя рэчы на агульную суму каля 200 рублёў. За гэта, хутчэй за ўсё, у блішэйшы час зноў вернецца за краты.

Выкрадаць – не камяні цягаць

Адзін з апошніх сваіх візітаў у Ільюшына жыхарка сталіцы запомніць, напэўна, надоўга. Пра тое, што за час яе адсутнасці на дачы нехта “пагаспадарыў”, сведчыў вырваны дзвярны прабой у лазні. Агляд маёмасці пацвердзіў змрочныя здагадкі – зніклі чугунная ванна і пральная машына агульным коштам 110 рублёў. Выкрадальнікам аказаўся мясцовы жыхар 1992 года нараджэння.

З ветрыкам… у турму

Дарожны веласіпед “Аист”, што належыць пенсіянеру з Казімірова, прыглянуўся дагэтуль не судзімаму жыхару гэтай жа вёскі 1988 года нараджэння. Скарыстаўшыся часовай адсутнасцю гаспадара, той пранік у яго гаспадарчую пабудову, адкуль выкраў транспартны сродак коштам 67 рублёў. Вось толькі “несанкцыянаванае” падарожжа хутка спынілі праваахоўнікі – за здзейсненае вясковец можа пазбавіцца волі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *