Вечер встречи школьных друзей

Общество

Па добрай традыцыі ў першую суботу лютага ў школах збіраюцца выпускнікі, каб сустрэцца з былымі настаўнікамі і аднакласнікамі, падзяліцца сваімі поспехамі і ўспомніць вучнёўскія будні. Пятага лютага сваіх былых вучняў сустракала і Ушацкая сярэдняя школа.

Хвалюючая, незабыўная сустрэча праз 40, 30, 20, 10… гадоў пасля развітання са школай. Многія не бачыліся з дня атрымання атэстата, іншыя жывуць у родным гарпасёлку, сябруюць, бываюць адзін у аднаго ў гасцях.

Перад прысутнымі са словамі прывітання і ўдзячнасці за памяць пра школу выступіла дырэктар установы адукацыі С.К.Турло. Для Святланы Канстанцінаўны гэта быў асаблівы вечар: 10 гадоў назад яна выпусціла сваіх першых вучняў, якіх убачыла ўсіх разам зараз у сценах роднай школы. Гучнымі апладысментамі выпускнікі стоячы віталі любімага педагога. 

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства, як заўсёды, сталі педагогі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Нямала было і юбіляраў, для якіх арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі  цікавую мультымедыйную прэзентацыю. Успаміналі дырэктараў школы, якія працавалі тут у розныя гады існавання ўстановы. Песні, танцы, відэаролікі – гэта далёка не ўсё, што можна было бачыць і чуць на вечары. Выпускнікі розных гадоў прызнаваліся ў сваёй любові да школы, класных кіраўнікоў, педагогаў.

Вечар прайшоў цікава, цеплыня і душэўнасць панавалі на сцэне і ў зале. А напрыканцы яго былыя вучні дзякавалі сваім настаўнікам за сустрэчу, гаварылі шчырыя словы, успаміналі цікавыя выпадкі са школьнага жыцця, расказвалі пра свае поспехі, дарылі кветкі і падарункі.

Шкада, што такія сустрэчы праходзяць толькі адзін раз на год! 

К.КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *