Земельный участок, приобретение жилья, благоустройство. Владимир Андрейченко провел прием граждан в Ушачах

Общество

Зямельнае пытанне, набыццё жылля, абсталяванне пешаходнай дарожкі – гэтыя і іншыя тэмы былі закрануты падчас прыёму грамадзян, які ў пятніцу праводзіў ва Ушачах старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат ад Докшыцкай выбарчай акругі №22 Уладзімір Паўлавіч АНДРЭЙЧАНКА.

Жыхар Стараселля крыху “не разлічыў” і пры будаўніцтве гаража выйшаў за межы свайго ўчастка. Будынак нікому не перашкаджае – у вёсцы практычна не засталося жыхароў, аднак парушана зямельнае заканадаўства. Як вядома, у такіх выпадках пабудова павінна быць знесена, а за незаконнае заняцце зямлі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. У.П.Андрэйчанка паведаміў, што зараз ідзе дапрацоўка абноўленага Кодэкса аб зямлі, пасля прыняцця якога ў грамадзяніна з’явіцца магчымасць узаконіць пабудаваны гараж. Чакаецца, што дакумент будзе прыняты ў бягучым годзе, ён пашырыць правы мясцовых органаў улады па пераглядзе межаў участка, а насельніцтва зможа атрымаць большы ўчастак для абслугоўвання дома і пабудаваных гаспадарчых пабудоў.

Шматлікія заканадаўчыя нюансы былі растлумачаны ў ходзе прыёму і пенсіянеру з аграгарадка Ільюшына, які хоча выкупіць дом, што быў выдзелены яму ААТ “Ільюшынскі”. На гэта патрэбны час і сродкі, а пакуль сям’ю з жылля ніхто не высяляе.

Жыхар Ліпаўца закрануў дарожную тэматыку, у прыватнасці, абсталяванне ў населеным пункце тратуара працягласцю ў 1,5 кіламетра: “Летась па шашы быў пакладзены новы асфальт, чаму мы рады і за што ўдзячны. А вось пешаходнай дарожкі няма, для зручнасці людзі выходзяць на асфальт, тым часам на шашы вельмі ажыўлены рух. Я ўжо ў сілу ўзросту мала рухаюся, перажываю за аднавяскоўцаў і дзяцей. Да таго ж, шаша праз Ліпавец у нейкім сэнсе з’яўляецца і візітнай карткай раёна, па ёй госці Ушаччыны едуць у санаторый “Лясныя азёры”.

У.П.Андрэйчанка даручыў мясцовым органам улады сумесна з прадстаўнікамі РУП “Віцебскаўтадор” ацаніць аб’ёмы работы і разгледзець магчымасць вырашэння гэтага пытання.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Уладзімір Паўлавіч адзначыў, што сістэма работы са зваротамі, створаная ў нашай дзяржаве, паказвае сваю эфектыўнасць. «Незалежна ад важнасці і маштабнасці пытанняў, заўсёды варта памятаць, што за імі стаіць канкрэтны чалавек. Трэба вельмі ўважліва ставіцца да кожнага, унікаць і дапамагаць, перш за ўсё кіруючыся прынцыпам законнасці і справядлівасці. Якіх-небудзь сістэмных праблем, якія хвалююць жыхароў гарадскога пасёлка або раёна ў цэлым, не заўважана. Значыць, абстаноўка ў рэгіёне здаровая», – адзначыў наш дэпутат.

Пасля заканчэння прыёму У.П.Андрэйчанка дэталёва азнаёміўся з ходам палявых работ у гаспадарках Ушаччыны. Абмеркаваў з кіраўніцтвам раёна і спецыялістамі аграпрамысловага комплексу гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі да адной з самых важных кампаній – сяўбы-2022.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *