Рейд по злостным нарушителям правил пожарной безопасности

Cлужба-101

Непрыглядны дом, не абгароджаная вакол яго тэрыторыя. У доме, мякка кажучы, беспарадак, усё завалена рэчамі, якія яўна ляжаць не на сваіх месцах. Печы са шчылінамі, а праводка не ў самым лепшым стане…
–У ложку я не куру, а вось тут, за сталом, парадак сёння навядзём, ды і печ у нас нармальная, колькі часу ўжо так жывём – і нічога не здарылася!
Убачыць і пачуць такое давялося падчас нядаўняга рэйду па населеных пунктах Кубліцкага сельсавета разам з яго старшынёй І.В.Ластаўкай і старшым інспектарам дзяржпажнагляду С.Я.Аваднёвым па праверцы пажарнага стану ў дамах нядобранадзейных грамадзян.

Кубліцкі сельсавет заваяваў непрыемнае лідарства па колькасці пажараў і гібелі людзей. За 2 месяцы ў раёне адбылося 11 пажараў, з іх у Кубліцкім сельсавеце – 2. У Белюкоўшчыне і Баяршчыне загінула 2 чалавекі. Аднак сумная статыстыка і страшныя факты гібелі не ўздзейнічаюць на парушальнікаў правіл пажарнай бяспекі.
Самай распаўсюджанай прычынай узнікнення пажараў як у вобласці, так і ў нашым раёне з’яўляецца курэнне ў нецвярозым стане. З 241 загінуўшага ў вобласці за мінулы год 217 чалавек знаходзілася ў нецвярозым стане. І большасць з гэтых людзей – нядобранадзейныя грамадзяне, якія ставяць пад пагрозу не толькі сваё жыццё, але і акружаючых.
У домаўладанні П.Андрэйчыка з вёскі Андрэйчыкі выявілася не адно парушэнне: у печы вялікая дзірка памерам ледзьве не з цагліну, каля печы знаходзяцца лёгка ўзгараемыя рэчы, а ў электралічыльніку выкарыстоўваўся засцерагальнік тыпу “жучок” з меднага дроту.
У доме У.Шыманскага з Селішча, які адзін выхоўвае траіх дзяцей, праводка патрабуе замены. Печ адрамантавана, але была напалена так, што рэчы, складзеныя побач (у тым ліку і дровы ад падлогі да столі), маглі вельмі лёгка загарэцца.
А вось В.Космач са сваім сужыцелем ужо даўно жывуць без электрычнасці, таму праблемы з праводкай у іх не існуе. Затое эксплуатуюць печ у няспраўным стане і нават не думаюць пра рамонт. І мінулагодні штраф не паўплываў на жыхароў дома ніяк. Паколькі дом належыць гаспадарцы, яны ўпэўнены, што рамонт печы павінны рабіць яе работнікі, як і столі, якая падпёрта бервяном, каб не абвалілася на галаву. Напэўна, спадзяюцца і на тое, што чорнае павуцінне ў доме, якое вісіць над галавой, таксама ўбярэ за іх гаспадарка…
У іх суседзяў таксама няма электрычнасці, печ у лепшым стане, аднак гаспадары не супраць пакурыць у доме, не выходзячы на вуліцу.
Гаспадар дома ў Баяршчыне ўжо ў пажылым узросце, дапамагчы яму, а таксама выпіць разам да яго прыходзіць сябар. Чым могуць скончыцца такія сітуацыі, няцяжка прадбачыць. Большасць пажараў узнікае па адной і той жа схеме: выпіў, закурыў, прылёг з цыгарэтай, заснуў і больш не прачнуўся.
Самае страшнае тое, што ахвярамі агню становяцца дзеці, вельмі часта па віне бацькоў, якія легкадумна адносяцца да іх бяспекі. Жыхар вёскі Крывы Ручэй М.Скрабатун любіць пакурыць у доме, аб чым сведчаць прапаленая бялізна на ложку, а таксама стол, на якім цыгарэты. А ў доме знаходзяцца яшчэ і чацвёра дзяцей. Які прыклад бацька падае сваім дзецям? Чаму яны павінны жыць у пастаянным дымавым воблаку? І нарэшце, чаму ён ставіць пад пагрозу іх здароўе і жыццё? Адказы на гэтыя пытанні пачуць не прыйшлося, бо самога гаспадара дома не было.
Усяго ж падчас рэйду праверана 10 домаўладанняў грамадзян, з усімі жыхарамі якіх праведзены прафілактычныя размовы, інструктаж па пажарнай бяспецы. Парушальнікі панеслі адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафаў.
На жаль, на некаторых нядобранадзейных грамадзян не дзейнічаюць ніякія штрафы і папярэджанні. І яны па-ранейшаму не задумваюцца, як хутка можа абарвацца бестурботнае жыццё іх і іх родзічаў.
В.ПОЛАЗАВА.



1 комментарий по теме “Рейд по злостным нарушителям правил пожарной безопасности

  1. Действительно, чем таких людей напугать можно? Если самостоятельного человека штраф любой суммы расстроит, то таких вряд ли…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *