Сотні народных майстроў у выхадныя з’ехаліся ў Мінск на рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, каб паказаць свае ўнікальныя вырабы і паглядзець, чым здзіўляюць калегі з іншых рэгіёнаў. У ліку ўдзельнікаў творчага свята былі і прадстаўнікі Ушацкага Дома рамёстваў.

Варта адзначыць, што трапіць на фестываль мог не кожны майстар. З папярэдне дасланых заявак з фотаработамі арганізатары – Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці – адбіралі для ўдзелу лепшых з лепшых. Так, убачыўшы вырабы з дрэва дырэктара Дома рамёстваў Юрыя Пашковіча, тэхніку саломапляцення і мастацкі роспіс работнікаў Крысціны Кляшчонак і Ірыны Качынскай, запрасілі іх на мерапрыемства.
Сёлетняе трынаццатае па ліку свята традыцыйных рамёстваў разгарнулася ў гістарычным цэнтры беларускай сталіцы – у Верхнім горадзе. Майстры прадставілі розныя віды народнага мастацтва – разьбу, ганчарства, ткацтва, вышыўку, карункапляценне, кавальскую справу, выцінанку, бісерапляценне, мастацкую апрацоўку скуры, бяросты, пляценне з прыродных матэрыялаў і многія іншыя. Прычым, удзельнікі не толькі дэманстравалі прывезеныя калекцыі, падчас майстар-класаў можна было паназіраць, як нараджаюцца незвычайныя вырабы, з задавальненнем набывалі госці мерапрыемства сувеніры.
У гэтым вялікім “Вясновым букеце” прыкметна вылучаліся работы ўшацкіх майстроў, якія заслужана адзначаны экспертным саветам – дадому вярталіся не толькі з добрым настроем, а і дыпломам за першае месца. Такі вынік, безумоўна, натхніў нашых землякоў на новыя творчыя ідэі, якія яны ўвасобяць у жыццё да наступных мерапрыемстваў.
Вольга КАМАРКОВА.