Ворованная… красота

Общество

Гавораць, прыгажосць выратуе свет. Але ж, відаць, вельмі доўга трэба чакаць гэтага. У рэдакцыю звярнулася азеляніцель камунгаса Святлана Васільеўна Ісаева. Яна была ўзрушана і пакрыўджана ледзьве не да слёз. Каторы ўжо год займаецца жанчына добраўпарадкаваннем гарпасёлка, а ўсё ніяк прыгажосць не пачне выхоўваць ушацкіх людзей. Як выкопвалі, так і выкопваюць пасаджанае.
Святлана Васільеўна расказала: у мінулым годзе праз службу занятасці было вышукана 10 мільёнаў рублёў на азеляненне гарпасёлка. Набылі хваёвыя расліны, кустовыя, цыбульныя. Увосень 14 экзэмпляраў хваёвых было ўкрадзена, на днях – яшчэ пяць, гэта туі ля дома № 13 па вуліцы Савецкай. Яго жыхары расказваюць, што не паверылі вачам, калі ўбачылі ямкі замест стройных раслін.
Сёлета, па словах азеляніцеля, закуплены цюльпаны, сярод іх махровыя, генетычна змененыя. Усе мы бачым, як прыгожа яны выглядаюць. Калі цяпер цыбуліну такой кветкі выкапаць, гаворыць заяўніца, то расліна тры гады не будзе цвісці, а потым тым больш губляе генетычную інфармацыю. Навошта ж выкопваць. А выкопваюць жа. Літаральна ў гэты дзень, калі С.Ісаева прыйшла ў рэдакцыю, па яе звестках, дзве жанчыны кралі кветкі. Такую інфармацыю яна атрымала ад сведкі гэтага. Праўда, ён паведаміў ёй пасля здзейсненага, дзякуй, але трэба было б адразу патэлефанаваць у міліцыю, гаворыць работніца па азеляненні. Усім нам трэба быць пільнымі, абараняць тое, што робяць для нас камунгасаўцы, з гэтым нельга не пагадзіцца. І яшчэ яна чакае дапамогі ад міліцыі. Зладзеяў, лічыць Святлана Васільеўна, неабходна адшукваць і строга наказваць, а таксама інфармаваць насельніцтва аб тых, хто шкодзіць іншым.
Вясной парушальнікі кралі яшчэ і крокусы: выцягвалі цыбуліну, адламвалі верх. Ні сам ні гам, ні іншаму не дам, бо пасля гэтага расліна прападае, расказвае С.Ісаева.
Святлана Васільеўна раіць тым, хто хоча завесці тыя ці іншыя расліны, звярнуцца ў Полацк, там ёсць фірма “Экозелень”, дзе камунгас закупляў прыгожыя туі, ядловец, кіпарысавыя, елкі “коніка” і дзе працуюць не толькі з арганізацыямі, але і з прыватнікамі. Няма праблем з набыццём і ў Мінску раслін для ўпрыгожання. У нашым гарпасёлку камунальнікі купілі цюльпаны ў магазіне “Гаспадар”, упрыгожылі клумбу ля гасцініцы.
– Вырошчваю сама столькі кветак безаплатна, – гаворыць Святлана Васільеўна, – усё высаджваю ў райцэнтры. Хочацца несці хараство людзям. І вельмі крыўдна бачыць такую “ўдзячнасць”.
Давайце прыслухаемся да гэтага крыку душы.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *