В Ушачской школе прошел традиционный слет-конкурс юных инспекторов движения

Образование и молодежь

Урачыстае пастраенне, жараб’ёўка – і вось на старт выходзяць юныя інспектары дарожнага руху. Хто з 32 прадстаўнікоў чатырох устаноў адукацыі раёна лепш ведае Правілы дарожнага руху, упэўнена круціць педалі веласіпеда і не разгубіцца, калі некаму спатрэбіцца першая медыцынская дапамога? Гэта ў мінулую суботу ва Ушацкай школе высвятлялі арганізатары традыцыйнага злёту-конкурсу ЮІД.

Выпрабаванні, падрыхтаваныя цэнтрам дзяцей і моладзі пры падтрымцы супрацоўнікаў аддзялення ДАІ райаддзела міліцыі, традыцыйна няпростыя.

На этапе фігурнага ваджэння веласіпеда па чатыры прадстаўнікі ад каманд пераадольвалі паласу перашкод. Сярод галоўных крытэрыяў ацэнкі – хуткасць і адсутнасць памылак. Найлепшым чынам справіліся з задачай Вольга Цімафеева і Глеб Курбака з Ушацкай школы (катэгорыя 10-13 гадоў), Ганна Качко з гэтай жа ўстановы і Мікіта Белякоў з Вялікіх Долец (14-17). У камандным заліку лепшы вынік ва ўшацкіх школьнікаў (кіраўнік – М.Далжонак).

Забягаючы наперад, адзначым, што святкавалі перамогу яны і на іншых этапах. Праўда, у тэарэтычным экзамене па Правілах дарожнага руху раздзялілі яе з вялікадальчанамі. У асабістым жа заліку тут першынствавалі ў малодшай катэгорыі Ксенія Шчукіна з Ушач і Максім Мілы з Арэхаўна, у старэйшай – Марыя Харак з Ушач і Мікіта Белякоў. У медыцынскіх ведах не было роўных ушачанам Ксеніі Шчукінай, Глебу Кісялю і Марыі Харак, кампанію якім склаў Кірыл Праннік з Арэхаўна.

Яркім этапам стала “Навучальная (пазнавальная) праграма” – праз харэаграфію, вершы, песні каманды прапагандавалі захаванне ПДР, бяспеку паводзін на дарозе, дзейнасць сваіх атрадаў. Расказаць дарожную азбуку творча прапаноўвалася і падчас стварэння плаката сацыяльнай рэкламы. Усе каманды адказна падышлі да выканання гэтага дамашняга задання.

Журы падлічвае балы… У гэтым годзе, зрэшты, як і ў мінулым, пераможцамі злёту-конкурсу сталі навучэнцы Ушацкай школы. Вялікадальчане заваявалі “срэбра”, а ільюшынцы крыху апярэдзілі арэхаўцаў у барацьбе за “бронзу”.

Падчас уручэння дыпломаў інспектар ДПС аддзялення ДАІ Дзяніс Бабянок падзякаваў канкурсантам за захапляльнае мерапрыемства, пажадаў і надалей прытрымлівацца Правілаў дарожнага руху. З прыемнай місіяй прыйшлі работнікі Ушацкага лясгаса: пераможцам, якія прадставяць раён на рэгіянальных спаборніцтвах, яны ўручылі новенькі веласіпед. “Цяпер нам будзе больш зручна трэніравацца да новых стартаў!” – радаваліся ўшацкія школьнікі. Не засталіся без падарункаў і прызёры – сродкі на іх набыццё выдзеліла ААТ “Агра-Селішча”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *