Весенний день год кормит. Ушачские аграрии готовят поля перед посевной

Сельское хозяйство

На пачатку гэтага тыдня пасяўныя агрэгаты нарэшце выйшлі на палеткі самага паўночнага рэгіёну краіны. Вось-вось пачнуць напаўняцца зярняткамі і бункеры ўшацкіх сеялак, пакуль жа фронт работ для іх рыхтуюць плугі ды культыватары.

А.Яфрэмаў, М.Цыбульскі.

Для старту, вядома ж, выбіраюць высокія пяшчаныя ўчасткі – такія, напрыклад, як ля Салонцаў, куды мы накіраваліся ў сераду, каб распачаць сёлетні “хлебаробчы серыял”. Ну а трапіць у першыя яго кадры выпала звяну аратых з “Сафійскіх дароў”. Магутны “Кіравец” шпарка наразаў кругі па полі, дзе летась расла “царыца палёў”, і пакідаў за сабой 15-мятровую паласу ўзнятай глебы – такую спрытную, што хоць адразу пускай за ім сеялку. “Зямля тут лёгкая, ужо і падсохнуць паспела: працаваць – адно задавальненне!”, – механізатар Аляксандр Гусёнак скочыў з падножкі трактара, каб прыняць нашы віншаванні са стартам палявога марафону. Прамяністымі, як доўгачаканае красавіцкае сонейка, былі і ўсмешкі яго калег Андрэя Яфрэмава і Міхаіла Цыбульскага, якія на невялікіх “Беларусах” з чатырохкорпуснымі плугамі апрацоўвалі больш дробныя суседнія палеткі. “Я і залетась з гэтых палёў араць пачынаў, праўда, стартавалі мы тады крыху раней”, – зазначыў Андрэй.

А.Гусёнак.

Так, сёлетняя вясна зусім не пакінула аграрыям часу на “разварушэнне”, а ўшачанам хутка ўключыцца ў пасяўную асабліва няпроста: такіх вось спрыяльных палеткаў у раёне няшмат. І хоць неаднойчы загразала на полі тэхніка, калі спрабавала апрацоўваць больш-менш падсохлыя ўчасткі, марудзіць ніяк нельга. Стаіць задача правесці пасяўную бездакорна і на самым высокім узроўні. А ўвогуле спрадвечную мудрасць пра тое, што вясенні дзень год корміць, добра ведае кожны беларус.

На Віцебшчыне гэтай вясной разлічваюць засеяць і апрацаваць амаль 314 тысяч гектараў. Плануецца, што ўшацкі клін у гэтай плошчы складзе 8414. На ўчарашнюю раніцу ў раёне было ўзарана каля 200 га.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *