В районном центре культуры прошло мероприятие, посвященное Дню семьи

Культура

Усе дарогі вялі ў гэты аўторак у раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. З нагоды Дня сям’і тут праходзіў конкурс для прадстаўнікоў створанага нядаўна аматарскага аб’яднання “Свае”. Як расказала яго кіраўнік Наталля Каваленка, у складзе – маладыя сямейныя пары і ўшачане з дзецьмі, прадстаўнікі розных сфер дзейнасці, кожны – з шэрагам цікавых захапленняў.

Сем’і Хадатовіч

Падзяліцца імі, расказаць пра сямейныя традыцыі ўдзельнікам сустрэчы дапамаглі заданні не толькі ад вядучых, а і ад абаяльнага Дамавічка – памочніка гаспадароў кожнага дома. Разам з ім Аляксандр і Ірына Качынскія, Кірыл і Анастасія Шалыгі, Таццяна Андрэева і яе дачка Жанна, Таццяна Грынцэвіч з сыночкам Глебам, Вераніка Хадатовіч з дачкой Ульянай таксама прыгадвалі народныя прыказкі, разблытвалі ступені сваяцтва, за што атрымлівалі жэтоны і салодкія пачастункі.

…і Андрэевых.

Арыгінальна прадставіцца дапамаглі калажы: з прапанаваных часопісных выразак на лісце ватмана прысутныя “расказвалі” пра сябе і блізкіх. “Паглядзі: гэты рыбак у кепцы – выліты тата, – гучала за сталом Андрэевых. – Не хапае чаго-небудзь будаўнічага, сталярнага, а то б далі яму поўную характарыстыку!”. Так, як гэта зрабілі для маці, якая займаецца манікюрам, добра шые і за дзень здымае ў цік-току па некалькі сюжэтаў. Паваражыць на кухні любяць у сям’і Хадатовічаў, а Ульяна ў гэтым – першая памочніца. Ацаніць жа прыгатаванае могуць не толькі родныя, але і сябры, якіх шмат. У кватэры Грынцэвічаў – выключна архідэі, на ўчастках жа бацькоў у сельскай мясцовасці – раздолле для вырошчвання кветак, садавіны, агародніны. Па душы ўсім рыбалоўства: з вудай нярэдка сядзіць і сама Таццяна. “А мой асабісты рэкорд – сом на 7 кілаграмаў, – пераняў эстафету аповеду А.Качынскі. – Мы – людзі творчыя, пра што чытачы “Патрыёта” ўжо ведаюць. Жонка выдатна шые, пляце з саломкі”. Шалыгі жартаўліва расказалі пра любімых катоў Сіму і Цімоху, свае амбіцыйныя планы купіць з прэміі айфон, паехаць у вандроўку па замежных краінах, атрымаць ключы ад новага, пажадана пяціпавярховага дома. Калі ж падчас “завочнага” прыгатавання абеду Вераніка з веданнем справы называла інгрэдыенты баршча, Ірына пералічала пласты “Селядца пад шубай”, а Таццяна апетытна расказвала, як варыць расольнік, маладзейшая Таня Грынцэвіч разводзіла рукамі – у сям’і прапанаваны ёй вінегрэт не надта любяць, Кірыл жа зноў жартаваў: “Захацелася аліўе – ёсць правераны рэцэпт: купляеш прадукты, нясеш матулі і забіраеш гатовае!”.

Яркіх эмоцый надала тэатралізаваная пастаноўка, артыстамі якой сталі самі ўдзельнікі сустрэчы. Усе яны былі адзначаны дыпломамі ад Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, пасля чаго прынялі ўдзел у цёплых сяброўскіх пасядзелках за салодкім сталом.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *