19 июня в Ушачах вспоминали земляка, Народного писателя Василя Быкова

Калейдоскоп

Да імпрэзы, якая штогод ладзіцца да дня нараджэння Васіля Быкава, ушацкія бібліятэкары і культработнікі заўсёды рыхтуюцца з асаблівым пачуццём. Тое, што звязана з нашым геніяльным земляком, нельга рабіць без імпэту і напаўсілы – гэта проста недаравальна ў адносінах чалавека, які сам быў эталонам сумлення, мужнасці і шчырасці.

Нечакана няпростай справай аказалася сёлета здабыць васількі для невялікай выставы-інсталяцыі – знайшла іх Галіна Кашненка ля Забораўна, на палях, шчодра палітых калісьці крывёю яе землякоў… Не так даўно бібліятэкары задаліся мэтай папоўніць фонды зборнікам “Пасланец мужнасці”, складзеным з паэтычных прысвячэнняў Васілю Быкаву ад літаратараў розных краін. У продажы кнігі няма, але друкарня, дзе яна калісьці была выдадзена, згадзілася перадаць тэкст у электронным выглядзе – і зараз эксклюзіўны экзэмпляр заняў месца на паліцы адмысловай выставы і лёг у аснову літаратурна-музычнай кампазіцыі, падчас якой прагучалі вершы пра народнага пісьменніка Беларусі, былі агучаны факты яго біяграфіі.

Адпаведная мінулагодняя імпрэза натхніла Людмілу Карабань на напісанне ўласнай кнігі, у якой творчасць Васіля Быкава і Петруся Броўкі раскрываецца праз прызму лёсаў ушачанкі і яе блізкіх. Сваю любімую “Альпійскую баладу” абралі для ўвасаблення на сцэне Дзіна Пенкальская і Канстанцін Тарасеня – зрабілі гэта пранікнёна, да мурашак па скуры (на здымку). “Знак бяды” лічыць адной з настольных кніг Лідзія Шкаруба, раіла ўсім паглядзець уражлівую экранізацыю аповесці “Бліндаж” Вольга Каваленка, а Галіна Кашненка зазначыла, што адкрыла для сябе позняе апавяданне “Жоўты пясочак”. Чытае класіка і моладзь: сярод рэчаў сына, што прыехаў пагасціць, убачыла кнігу “Мёртвым не баліць”…

Быкаў у кожнага свой, ён не губляе актуальнасці, бо пакінуў нашчадкам непадуладныя часу шэдэўры. 19 чэрвеня беларусы прыгадвалі любімага класіка, а заўтра, у 20-ю гадавіну яго зыходу з жыцця, ушануюць светлую памяць выдатнага пісьменніка і чалавека.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *