На Родине В.Быкова

Общество

Педагогі і вучні Кубліцкай школы пастаянна памятаюць, што класік беларускай літаратуры, народны пісьменнік Васіль Быкаў вучыўся тут, адсюль выйшаў у самастойнае жыццё, каб пазней стаць сусветна вядомым.

Напярэдадні дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча цікавае мерапрыемства, прысвечанае яго жыццю і творчасці, адбылося ў Кубліцкай школе. Сюды прыехалі і вучні Плінскай.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іванаўна Касцючэнка падрыхтавала з вучнямі 2-10 класаў, якія знаходзіліся ў аздараўленчым лагеры, змястоўнае прысвячэнне пісьменніку-земляку. А перш за ўсё юныя госці пазнаёміліся з матэрыяламі пастаяннага стэнда, дзе ў чатырох раздзелах сабраны біяграфічныя звесткі пра Васіля Быкава, інфармацыя аб яго творчасці, фотаздымкі з яго ўдзелам. Цікава, што ў школе маецца нават пісьмо будучага пісьменніка з фронту, датаванае 7 кастрычнікам 1944 года. Сабраны кнігі з яго аўтографамі. Адна з іх – на нямецкай мове. У подпісах літаратара – лепшыя пажаданні калектыву школы.

Арганізатар мерапрыемства Т.І.Касцючэнка прачытала прысутным пісьмо Васіля Уладзіміравіча наведвальнікам літаратурнага гуртка Кубліцкай школы, якое ён даслаў у 1972 годзе. Таццяна Іванаўна расказала і пра факты з яго жыцця, якія ўвайшлі ў кнігу “Доўгая дарога дадому”, вучні прыгадалі біяграфію пісьменніка. Настаўніца склала віктарыну, прысвечаную тэматыцы мерапрыемства. Госці – вучні Плінскай СШ – адказвалі на пытанні. А потым яны паехалі на сядзібу-музей В.Быкава ў Бычкі. Кубліцкія школьнікі бываюць там часцей.

Не зарастае дарога памяці да таго, хто прынёс сваёй краіне сусветную вядомасць.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *