В деревнях Тихоняты, Пуща и Замошье началась полная замена линий электропередач

Благоустройство Общество

Поўную замену ліній электраперадач па населеных пунктах праводзяць спецыялізаваныя арганізацыі “Віцебскэнерга” згодна вызначанаму плану. Выдзяляюцца мэтавыя сродкі. І вось у вёсках Ціханяты, Пушча і Замошша-ІІ, распачалася рэканструкцыя, прычым вядзецца паралельна.

Працягласць новых ліній па вёсцы Ціханяты складае 1,85 кіламетра, па Пушчы і Замошшы-ІІ – 2,88. Таксама сёлета рэканструкцыя будзе праведзена ў вёсках Пілатоўшчына і Івахнава.

З усёй вобласці да вас з’ехаліся, – паведамілі нам спецыялісты Віцебскай перасоўнай механізаванай калоны №3, якія ўстанаўлівалі апошнюю бетонную апору ў Ціханятах. Гэты філіял ААТ “Белсельэлектрасеткабуд” праводзіць першы этап, займаецца заменай слупоў, землянымі работамі. У арсенале спецмашына з вялікім бурам і пад’ёмнікам. Вынік іх прабывання ў вёсцы – лінія новых бетонных апор, што стаяць пакуль паралельна са старымі драўлянымі. Мала дзе застаўся па раёне такі “рарытэт”. Гэтыя ж прыцягвалі ўвагу яшчэ і металічнай асновай пад ліхтары, якія маюцца на кожным другім слупе. Так патрэбна згодна праекту, ну а ці будзе зіхацець у агнях вёска, вырашае сельвыканкам.

І калі пры ўездзе ў населены пункт яшчэ вяліся земляныя работы, то ў яе канцы ўжо віселі новыя лініі электраперадач. Талачынцы, абуўшы капцюры, займаліся непасрэдна пракладкай новых сетак, у іх арсенале і тэхнікі больш, і рознага электраабсталявання. Працуюць энергетыкі вахтавым метадам па 10 дзён без выхадных.

З 2019 года для камфорту пражывання жыхароў сельскай мясцовасці дзяржавай прадуглежана правядзенне электраацяплення, прычым па ільготных тарыфах як на работы, так і на наступныя разлікі за кілаваты. Праблема, з якой сутыкнуліся з першых гадоў – слабая прапускная магчымасць ліній, паколькі спажыванне энергіі кожнага домаўладання павялічваецца ў разы. Таму і распрацаваны перспектыўны план рэканструкцыі на 2021-2025 гады, у якой пазначаны населеныя пункты кожнага раёна. У наступным новыя лініі павінны з’явіцца ў Дубраўцы, Малінаўцы, Слабадзе, Ваўчы, Матырыне, Заазер’і і Пола.

Мэта планавага дэмантажу старых ліній – павелічэнне іх магутнасці. Пасля рэканструкцыі кожны жыхар зможа правесці ў свае дамы электраацяпленне.
Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *