Модернизация ФАПов в сельской местности продолжается

Здравоохранение

Пра тое, што ўзровень аказання медыцынскай дапамогі павінен быць высокім усюды, не важна, гаворка ідзе пра сталіцу ці невялікія населеныя пункты, казалі ў маі на нарадзе ў Прэзідэнта. Тады кіраўнік дзяржавы паставіў задачу да канца бягучага года навесці парадак ва ўсіх установах аховы здароўя, удасканаліць сельскія. ФАПы, падкрэсліў ён, павінны стаць своеасаблівымі міні-паліклінікамі – з якаснымі і даступнымі паслугамі, камфортнымі ўмовамі знаходжання. Што робіцца ў гэтым накірунку на Ушаччыне – у нашым матэрыяле.

Па словах намесніка галоўнага ўрача Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы Н.В.Дрозд, адзначаныя работы пачаліся ў нас задоўга да моманту правядзення прыгаданай нарады. Яшчэ шэсць месяцаў таму асноўныя сілы былі кінуты на рамонт Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі, а дакладней будынка, у які ў хуткім часе пераедзе ўстанова. Такое рашэнне было прынята пасля таго, як з былой бальніцы сястрынскага догляду ўбралі ложкі, размеркаваўшы пацыентаў у Глыбачку і Вялікія Дольцы. Каб не ацяпляць “пустое” паветра, шукалі ўтрая меншае памяшканне, пажадана непадалёк ад існуючай медустановы, да якой і дубраўчане, і жыхары бліжэйшых вёсак даўно прывыклі. Падыходзячы варыянт метрах у 300-х – прапанавалі ЦРБ ва УП ЖКГ.

– Клопатаў тут было надзвычай многа, – расказвае Наталія Васільеўна. Памяшканне доўгі час не эксплуатавалася – нам па сутнасці засталіся толькі голыя сцены і ўваходныя дзверы, усё давялося рабіць з нуля. Так, сваімі сіламі залілі новы фундамент, аднавілі сістэмы ацяплення і электразабеспячэння, правялі ўнутры сур’ёзны рамонт, набылі новую мэблю. У бліжэйшы час плануем яшчэ афарбаваць будынак звонку, устанавіць агароджу.

Тым часам абнавіліся і некаторыя ФАПы. Так, у Арэхаўне пафарбаваны дах, выраўнены плітка і бардзюры на ўваходзе. Гарачае водазабеспячэнне з’явілася ў Ільюшыне, Кублічах і Вяркудах. У першым да таго ж афарбавана агароджа, у другім палепшана матэрыяльна-тэхнічная база – набыты вагі, растамер, а ў апошнім устаноўлена гінекалагічнае крэсла (прадстаўніцы прыгожай паловы цяпер праходзяць агляд на месцы). Усюды праведзена “касметыка”, дакуплена новая мэбля.
Цяпер вядуцца рамонтныя работы на Завячэльскім і Плінскім ФАПах, дзе патрабуецца і гарачую ваду правесці, і падлогу замяніць, і агароджу паставіць. У новы будынак плануецца перавесці Сарочынскі фельчарска-акушэрскі пункт.

Без увагі, запэўнівае Н.В.Дрозд, не застанецца ні адна сельская ўстанова. На дапамогу ж медыкам прыйдуць спецыялісты УП ЖКГ. Так, напрыклад, у Матырыне яны зоймуцца заменай даху.

На ўсе пералічаныя віды работ з бюджэту выдзелена 120 тысяч рублёў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *