Команда Ушачского филиала Витебскоблпотребобщества заняла второе место на областных соревнованиях среди работников потребобщества

Cпорт

Каманда Ушацкага філіяла заўсёды лічыцца адным з фаварытаў абласной спартакіяды работнікаў спажыўкааперацыі. Пацвердзілі нашы землякі свой статус і падчас сёлетніх спаборніцтваў, якія традыцыйна праводзіліся на галоўнай арэне Віцебска – у цэнтральным спартыўным комплексе.

А нашы землякі былі “галоўнымі” ў шэрагу відаў праграмы. Віктар Барашка і Лідзія Долгая першынствавалі ў спаборніцтвах па настольным тэнісе. Атрымаць перамогу ў самым інтэлектуальным турніры – шахматах – асабліва прэстыжна, і з гэтай задачай бліскуча справіліся Уладзімір Сіцько і Юлія Аўтух. Паколькі лёгкую атлетыку лічаць каралевай спорту, мнагабор’е “Здароўе” можна назваць каралеўскім відам спартакіяды. У каманду тут трэба выставіць па два мужчыны і дзве жанчыны дзвюх узроставых катэгорый, а залік складаецца з 60-метровага спрынту, забегу на 1000 (500) метраў, скачка ў даўжыню, падцягвання і адціскання рук. Бліскуча прайсці чатыры выпрабаванні ўдалося лідарам нашай каманды Аляксандру Гарадко і Ірыне Долгай. Адметна, што ў катэгорыі 35 плюс нашаму ветэрану процістаялі многія маладзейшыя сапернікі, але ён нікому не пакінуў шансаў! На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзнялася і Ірына – як і належыць прафсаюзнаму лідару, яна ўласным прыкладам прыцягвае калег да актыўнага ладу жыцця. У маладзейшай групе мнагабор’я падтрымалі каманду Яўген Барысёнак і Анастасія Мароз.

Трэцяе месца ў дартсе здабылі Аляксей Грыневіч і Таццяна Хрыпель, апошняя ўваходзіла і ў валейбольную зборную, якая таксама паклала ў скарбонку “бронзу”. Яна разам з вопытным іграком Аляксандрам Бабенка складае касцяк каманды, у якую сёлета дадаліся навічкі Сяргей Буракоў, Максім Вусько, Анастасія Кузняцова і Аліна Лейчанка. У кроку ад п’едэстала спыніліся шашысты Ганна Саўчанка і Мікалай Лёля.

У выніку ўшацкія кааператары занялі ганаровае другое месца, саступіўшы толькі віцяблянам. А пераможцы відаў у верасні прадставяць зборную аблспажыўтаварыства на рэспубліканскім фінале.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *