Ярко, масштабно, познавательно. Ушачане делятся впечатлениями о юбилейном Дне белорусской письменности в Городке

Культура

Тое, што Віцебшчына была абрана месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства, досыць сімвалічна, бо менавіта з Прыдзвінскага рэгіёну тры дзесяцігоддзі таму стартавала самабытнае свята, а самы старажытны горад Полацк прымаў яго аж тройчы.

Гонару стаць сталіцай асветніцкага форуму былі ўдастоены таксама Орша і Паставы, ну а сёлета эстафету паспяхова падхапіў Гарадок. І яскрава даказаў, што нават невялікія населеныя пункты (у назва-ным пражывае 11,5 тысячы чалавек) могуць выдатна арганізаваць маштабны фэст. А таму па-ранейшаму не губляем надзею на тое, што свята пісьменства прыбудзе калісьці і на Ушаччыну. Ну а пакуль мы радаваліся за суседзяў і як маглі нагадвалі пра вялікія літаратурныя заслугі нашай малой радзімы.

Калейдаскоп падзей

Не тое што наведаць, а і проста пералічыць усе мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства было складана, таму кожны выбіраў тое, што яму блізка. Традыцыйная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” даставіла ў Гарадок Жыватворны Агонь. З нагоды 80-годдзя вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі ўскладзены кветкі да мемарыялу “Неўміручасць”. Ключавым момантам стала абвяшчэнне лаўрэатаў “Нацыянальнай літаратурнай прэміі”, дыпломы якім уручыў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў. Ушанавалі ў Гарадку і пераможцаў конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Шмат падзей разгарнулася вакол мясцовай брэндавай персоны – аўтара “Тараса на Парнасе” Канстанціна Вераніцына. Прыцягвалі ўвагу рэканструкцыі гістарычных падзей, выязныя экспазіцыі сталічных музеяў і бібліятэк, вакальныя і паэтычныя батлы, майстар-класы, кулінарны фэст “Мара гурмана”.

“Барадулінскі” хлеб і таемны “ядловец”

На фестывалі кнігі і прэсы сваю пляцоўку прэзентаваў “Патрыёт”. Як заўсёды, многія праяўлялі цікавасць да рэчаў эпохі рэтра. Віцебскі другакласнік Федзя з захапленнем набраў на друкарскай машынцы сваё імя. А сямейная пара з цікавасцю разглядала старажытныя фотаапараты. Трымаючы ў руках “Змену”, мужчына з усмешкай прамовіў: “Мы – родам з Саюза, цягне да ўсяго, з чым раслі. А яшчэ, здаецца, толькі ў Беларусі засталіся надзвычай шчырыя, гатовыя дапамагчы людзі, як раней, калі дзвярэй не зачынялі. Таму любім да вас прыязджаць. Былі на “Славянскім базары”, а гэтыя выхадныя вырашылі правесці ў Гарадку, тым больш што нам да Віцебшчыны блізка. Вельмі здзівіліся яго прыгажосці – увогуле ў вашай краіне шмат робіцца па навядзенні парадку ў невялікіх населеных пунктах”. Іван і Насця Зарытоўскія аказаліся са Смаленска, таму ім няпроста было перакласці загаданыя намі ў конкурсе беларускія словы. Але што такое “дзьмухавец” з невялікай падказкай усё ж здагадаліся. Крыху падумаўшы, дакладна сказаў, што азначаюць па-руску “ядловец” і “пацеркі”, гарадоцкі вадзіцель Вячаслаў Данілаў – і атрымаў прыз. А вось Святлана Студзянцова як арэхі “лузгала” пытанні літаратурнай віктарыны, прысвечанай знакамітым ушацкім пісьменнікам. А яшчэ і ўласныя вершы нам прачытала, бо аказалася былой выкладчыцай роднай мовы і самадзейнай гарадоцкай паэтэсай.

Дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, зірнуўшы на партрэты нашых творцаў, зазначыла, што помнік Еўдакіі Лось стаіць ля іх установы. А яе калега Наталля Пугачова, калі прадстаўлялася, хітравата прамовіла: “Крывы Ручай”. Канечне ж, мы добра ведаем гэтую ўшацкую вёсачку, адкуль родам яе маці, як і прозвішча Лаўрыновіч. Прыемна было прыгадаць агульных знаёмых і з супрацоўнікам Віцебскай ветакадэміі Віктарам Пашутам, тым больш што ўраджэнец Угрынак напачатку кар’еры працаваў у “Ільюшынскім”. Ушацкае прозвішча аказалася і ў нашага калегі з “Радыё Віцебск” Андрэя Качана, продкі якога з Ідуты, а сам мужчына з захапленнем прадэкламаваў нам не адзін верш любімага аўтара – дзядзькі Рыгора.

Асабліва ж кранальным стала для нас знаёмства з былымі малалетнімі вязнямі з абласнога цэнтра Ганнай Пупкоўскай, Галінай Васільевай і Надзеяй Фамін. Кожная набыла па бохане жытняга “барадулінскага” хлеба, прыгадаўшы свой дзіцячы з пілавання. Дэгустацыю дамашніх караваяў арганізавала на пляцоўцы “Патрыёта” ўшацкая майстрыха і паэтэса Людміла Дунец – і атрымала безліч захопленых водгукаў ад гурманаў. Запрасілі мы яе на сваю лакацыю, канечне, невыпадкова, бо наша зямлячка аднаўляе спрадвечнае рамяство хлебапёка, а яшчэ і нагадвае сваім кліентам пра творчасць Рыгора Барадуліна, укладаючы ў кожную ўпакоўку з вырабамі яго вершаваныя радкі.

Ведаюць Беларусь

Яшчэ адной лакацыяй, дзе актыўнічалі ўшачане, стала пляцоўка БРСМ. Тут праходзіў абласны фестываль “Прастора”, у праграме якога было шмат конкурсаў. У гістарычным квізе “Ведай.BY” гонар Ушаччыны адстойвалі педагогі Паліна Дзенісёнак і Паліна Коўшаль, а таксама супрацоўнік музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Кацярына Андрыковіч. “На пэўных этапах мне дапамаглі прафесійныя веды – напрыклад, не выклікала цяжкасцей пытанне пра славутую аперацыю “Баграціён”, – расказвае Каця. – У тэме беларускага спорту мы лёгка адказалі пра алімпійскіх чэмпіёнак Дар’ю Домрачаву і Вольгу Корбут, а ўвогуле было вельмі цікава ацаніць свой інтэлектуальны ўзровень”. Дастойна прадставіла наш раён у конкурсе беларускай песні “Спадчына” педагог ДШМ Таццяна Новікава. Не на апошніх ролях была ўшацкая моладзь і ў чэмпіянаце па хуткаснай зборцы спілс-карты нашай краіны “Ведаю Беларусь”.

Новыя кнігі і старыя песні

За два дні на мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства пабывала шмат ушачан – прыехалі ў Гарадок прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, актывісты прафсаюзных і ветэранскіх арганізацый.

Вядома ж, не маглі абмінуць такой падзеі супрацоўніцы раённай бібліятэкі Галіна Кашненка і Ірына Малак – засмучаліся толькі, што за кароткі час немагчыма з усім пазнаёміцца. “Прыгожа, чароўна, ніколі не былі ў Гарадку – цікава паглядзець, што за горад, што за свята… Вельмі шмат кніжных навінак – пазнавальных і карысных…”, – дзяліліся ўражаннямі жыхаркі райцэнтра Тамара Каваленка і Тамара Кулак. Дарэчы, на дні пісьменства адбылася прэзентацыя кнігі нашай калегі – галоўнага спецыяліста галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Святланы Дзядзінкінай “Рака памяці”, якую яна напісала ў сааўтарстве з фотакарэспандэнтам С.Кавалеўскім. У яе аснову ляглі нарысы з унікальнай экспедыцыі ад вытоку Заходняй Дзвіны да Віцебска, сярод іх і рэканструкцыя вясельнага абраду, што праходзіў ва Ушачах.

А вось наша зямлячка Алена Банеўская з шэрагу мерапрыемстваў асабліва вылучыла фінальнае выступленне заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Сяргея Валчкова, што, прынамсі, і нядзіўна, бо жанчына любіць музыку і сама выдатна спявае. Хіты савецкіх часоў разам з ураджэнцам Быхава пела ўся плошча, а афіцыйнай кропкай свята стаў момант, калі старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова перадала сімвалічную эстафету правядзення ХХХІ Дня беларускага пісьменства старшыні Івацэвіцкага райсавета Брэсцкай вобласці Аляксандру Сароку.

З багатага талентамі і традыцыямі Паўночнага рэгіёну свята возьме курс на Поўдзень, і да першых выхадных наступнага верасня чарговы беларускі горад прыкметна пераўтворыцца і папрыгажэе.

Наталля БАГДАНОВІЧ,
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *