В августе на Ушаччине возбуждено 5 уголовный дел

Происшествия

Па інфармацыі РАУС, абстаноўка са злачыннасцю на Ушаччыне застаецца адносна спакойнай. У жніўні ў раёне ўзбуджана толькі пяць крымінальных спраў.

Давер… на паўтысячы

Не перастаюць трапляць даверлівыя ўшачане на ўлоўкі махляроў. На гэты раз у ліку пацярпелых аказалася жанчына 1962 года нараджэння – з яе карт-рахунка, да якога злодзеі атрымалі доступ, знікла 500 рублёў.

“Забыліся” пра дзяцей

Адразу дзве жыхаркі Ушаччыны – 1975 і 1981 гадоў нараджэння – з’яўляючыся абавязанымі асобамі, не лічылі патрэбным плаціць аліменты на сваіх сыноў. Старэйшая больш чым трохмесячную запазычанасць спісвала на адсутнасць заробку (між тым, работу ёй прапаноўвалі), малодшая – на паўналецце нашчадка. Колькі ні нагадвалі апошняй, што такі абавязак з яе не здымуць, пакуль сын вучыцца, за розум усё роўна не ўзялася. Дарэчы, у яе ўжо была судзімасць па такім артыкуле КК Рэспублікі Беларусь.

Поўны камплект

Па адным з адрасоў у вёсцы Станулева ў перыяд з 11 чэрвеня па 4 ліпеня злодзей абчысціў і дваровую тэрыторыю, і гаспадарчыя пабудовы, у якія пранік, вырваўшы дзвярныя прабоі. Сярод яго трафеяў аказаліся металічныя лесвіца, бочка і стэлаж, тры трубы, цыркулярная піла, дзве бараны, акучнік, плуг, медагонка, электрарухавік і іншая маёмасць на агульную суму звыш 580 рублёў.

Засумаваў па кратах

Ураджэнец Турасполля 1978 года нараджэння ўжо быў судзімы за нанясенне чалавеку цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Вось толькі шасцігадовае знаходжанне ў месцах не такіх аддаленых нямногаму яго навучыла – калі вызваліўся, працягнуў выпіваць, адсутнічаць у вызначаны час па месцы жыхарства. За парушэнне ўстаноўленых патрабаванняў прэвентыўнага нагляду ў адносінах мужчыны ўзбуджана чарговая крымінальная справа. У бліжэйшы час ён зноў развітаецца з воляй.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *