Талант Ирины Геннадьевны Маркович

Наш современник

Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Гэта выказванне можна смела аднесці да цудоўнай жанчыны, добразычлівага чалавека і вопытнага настаўніка Ірыны Генадзьеўны Марковіч.
У Плінскай школе яна ўжо шмат часу выкладае працоўнае навучанне і вядзе гурткі. У яе руках звычайны матэрыял пераўтвараецца ў цудоўныя вырабы, здавалася б непатрэбнае становіцца прыгожым і арыгінальным. Яна ўмее шыць, вязаць, вышываць, займаецца выцінанкай, саломапляценнем. Апошняе з’яўляецца самым любімым відам творчасці. 

З самага дзяцінства Ірына Генадзьеўна захаплялася падобнымі заняткамі, шыла лялькам сукенкі, пастаянна вучылася новаму, а ўжо ў больш дарослым узросце захапленне перарасло ў сур’ёзную творчасць. Ездзіла на курсы, знаёмілася з людзьмі, якія займаюцца рознымі відамі творчасці. Авалодаць майстэрствам саломапляцення, напрыклад, ёй дапамагала спецыяліст Дома рамёстваў Айгуль Смык. І сёння гэты від займае для яе першае месца сярод астатніх.
– З саломай вельмі цікава працаваць, яна бліжэй да зямлі, прыроды, а якія вырабы можна з яе зрабіць! – з захапленнем расказвае Ірына Генадзьеўна.
Усё, што ведае і ўмее рабіць, І.Марковіч імкнецца перадаць дзецям, паказаць метады і прыёмы. На ўроках працоўнага навучання вучням не прыходзіцца сумаваць, наадварот, час за цікавымі заняткамі пралятае імгненна.
У гэтага творчага чалавека пастаянна нараджаюцца новыя ідэі розных вырабаў. Штосьці ўбачанае ў часопісе, газеце або па тэлебачанні імкнецца зрабіць сама, часта ў думках нараджаецца штосьці новае і нідзе нябачанае.
Са сваімі вырабамі І.Марковіч удзельнічала ў многіх конкурсах. Першы з якіх – у 2000 годзе на “Славянскім базары ў Віцебску”. Потым былі рэспубліканскія “Дажынкі” ў Полацку, конкурсы ў Паставах, Віцебску.
Ірыну Генадзьеўну цэняць і паважаюць калегі па рабоце, яе вучні. Заўсёды смела звяртаюцца да яе за парадай, дапамогай. У канцы навучальнага года ў Плінскай школе ў цёплай сяброўскай атмасферы прайшло мерапрыемства ў яе гонар з нагоды юбілею. Такі своеасаблівы падарунак для жанчыны падрыхтавалі яе вучні, калегі і майстры народнага клуба “Адраджэнне” Дома культуры. Песні і цёплыя шчырыя словы гучалі ў адрас таленавітага педагога, кветкі і віншаванні краналі душу.
Захапленне гледачоў мерапрыемства выклікалі юныя мадэлі ў незвычайных сукенках, зробленых са звычайных поліэтыленавых пакетаў, якія мы выкарыстоўваем у паўсядзённым жыцці. Не менш арыгінальна выглядалі ўборы і вырабы з саломкі, якія прадэманстравалі вучаніцы сярэдніх класаў. Усё гэта вынікі работы школьнага гуртка “Умелыя ручкі”, якім кіруе І.Г.Марковіч. Яна радуецца, калі ў яе вучняў усё атрымліваецца, калі ёсць жаданне штосьці зрабіць сваімі рукамі.
В.ПОЛАЗАВА.  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *