В Ушачской средней школе состоялось открытие ресурсной комнаты для детей с патологиями аутистического спектра «Островок спокойствия»

Образование и молодежь

Пра рэсурсны пакой, абсталяваны ва Ушацкай школе для дзяцей з паталогіямі аўтыстычнага спектру, мы нядаўна расказвалі на старонках газеты. І хоць заняткі тут ужо пачаліся, днямі адбылося афіцыйнае адкрыццё “Астраўка спакою”.

На ўрачыстае мерапрыемства з прыемнай нагоды завіталі не толькі старшыня Ушацкага райвыканкама С.С.Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, прадстаўнікі сістэмы адукацыі раёна, вобласці, але і часовы павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Катарына Жакава, сакратар Пасольства Славацкай Рэспублікі Петэр Тамашэк. Пасля цырымоніі пераразання чырвонай стужкі, у якой гэтак жа прымала ўдзел выконваючы абавязкі дырэктара школы Г.У.Хоміч, усіх запрасілі ў рэсурсны пакой, пазнаёмілі з яго магчымасцямі па навучанні, выхаванні “асаблівых” дзяцей, неабходнай з імі карэкцыйнай рабоце. Нагадаем: усё гэта стала магчымым дзякуючы падпісанаму са Славацкім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва пагадненню аб аказанні бязвыплатнай спонсарскай дапамогі на суму звыш 7,6 тысячы еўра.

І хоць мы ў “Астраўку спакою” былі адносна нядаўна, адразу прыкмецілі абноўкі ва ўсіх трох зонах: для заняткаў, сэнсарнай разгрузкі, кансультавання. Для інтэрактыву цяпер тут прадугледжаны вялікі мульціборд – дзякуючы яму, дарэчы, намеснік дырэктара А.У.Ворса завочна пазнаёміла прысутных з ушацкім хлопчыкам Арцёмам Пашутам, які мае інваліднасць і наведвае новы рэсурсны пакой. У відэапрэзентацыі яго маці Ірына расказала пра даўняе захапленне сына – маляванне. Спецыяльна ж для гасцей хлопчык адлюстраваў сваю любімую кошку на новым шкляным мальберце, размешчаным у “Астраўку спакою”. Такое шматфункцыянальнае, хоць і простае з выгляду прыстасаванне выклікала ва ўсіх захапленне. Як і бурбалкавая калона з падсветкай і вібрацыяй, размешчаная на ўваходзе.

С.С.Садоўскі, Г.У.Хоміч падзякавалі прадстаўнікам Пасольства Славацкай Рэспублікі за аказаную фінансавую дапамогу. Тыя ж у сваю чаргу выказалі ўпэўненасць у далейшым плённым узаемадзеянні з Ушацкім раёнам. Дарэчы, ужо не першым: дагэтуль выдзяляліся сродкі на рэалізацыю гуманітарнага праекта нашай бальніцы.

У гэты дзень госці пабывалі таксама на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, дзе пазнаёміліся з трагічнымі старонкамі гісторыі нашага краю, разам са школьнікамі ўсклалі кветкі да памятных пліт.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *