Традиционный День призывника прошёл в Ушачском районе

Общество

Учарашні дзень стаў асаблівым для навабранцаў, якія ў бліжэйшы час папоўняць рады розных вайсковых фарміраванняў краіны. Па добрай традыцыі ў нашым раёне для будучых абаронцаў Айчыны перад адпраўкай на тэрміновую службу ладзілася ўрачыстасць.

Пачынаецца ж Дзень прызыўніка ў святым для ўшачан месцы – ля помніка загінуўшым воінам і партызанам. “Зараз у Беларусі ўжо нараджаецца пятае пакаленне людзей, якія не ведаюць жахаў вайны. Вельмі хочацца, каб і вашы нашчадкі жылі пад мірным небам незалежнай краіны”, – зазначыла ў прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова і падкрэсліла, што на плечы юнакоў кладзецца адказны абавязак – абараняць нашу Беларусь.

“Ушацкія ваеннаслужачыя заўсёды на добрым рахунку ў вайсковых часцях, і спадзяюся, што вы толькі ўмацуеце годную рэпутацыю раёна”, – зазначыў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна Павел Анатольевіч Каткоўскі, перш чым уручыць хлопцам павесткі. Атрымлівалі яны іх таксама ў знакавым месцы – музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, па залах якога для прызыўнікоў правялі экскурсію. Пра гэты святочны дзень ім будуць нагадваць і памятныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

Многія з гэтых юнакоў ужо набылі прафесіі і паспелі папрацаваць у розных сферах. Антон Лукашэвіч, напрыклад, – дыпламаваны спецыяліст па праграмным забеспячэнні, сёлета скончыў ПДУ. Не выключае, што гэтыя навыкі могуць спатрэбіцца яму і на службе, якую будзе праходзіць у Слуцку ў транспартных войсках. А вось Мікіта Бялеуш накіруецца ў сталіцу, бо прайшоў адбор у спецназ унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. Трапіць туды, дарэчы, даволі няпроста: як нам паведамілі ў адасобленай групе, за апошнія 8 год гэта толькі чацвёрты ўшацкі юнак, які адправіцца ў падобную часць. Цікава, што брат Мікіты Сяргей Гардзіёнак таксама праходзіў службу ва ўнутраных войсках і пасля тэрміновай застаўся на кантрактную.

Большасць жа навабранцаў накіруюцца ў ваенныя часці Прыдзвіння. Так, Ігар Маскаленка будзе служыць у абласным цэнтры ў дэсанце, а яго дваюрадны брат Сяргей – у ракетных войсках у Полацку. Дарэчы, абодва яны скончылі каледжы, набылі запатрабаваныя рабочыя спецыяльнасці і паспелі два месяцы папрацаваць у сельгаспрадпрыемствах нашага раёна: Сяргей – механікам у “Ільюшынскім”, а Ігар – электрыкам у “Сафійскіх дарах”. “У гаспадарках нас прынялі добра, і не выключаем магчымасці, што пасля арміі зноў сюды вернемся”, – зазначаюць браты.

Дарэчы, іх мамы Вольга і Ірына Маскаленкі таксама прысутнічалі на раённай урачыстасці – прызналіся, што ў такі важны момант хацелі быць побач са сваімі сынамі. “Канечне, адпраўляючы іх у армію, крыху хвалюемся, але яны ў нас загартаваныя і прыстасаваныя да самастойнага жыцця. Таму, думаем, праблем не ўзнікне, і хлопцы дастойна справяцца са сваёй важнай місіяй”, – падзяліліся з намі жанчыны.

Жадаем нашым навабранцам плённай службы і чакаем іх – больш моцнымі, умелымі і вопытнымі – на малой радзіме!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *