Прольём светло на пешеходов. Сотрудники отделения ГАИ и редакции провели эксперимент и протестировали разные виды фликеров

Профилактика и безопасность

У дні, калі дарожнае становішча ўскладняюць дажджы і туманы, колькасць аварый з удзелам пешаходаў узрастае.

Сёлета ў Беларусі іх адбылося 583 – 90 чалавек загінулі (67 з іх – у цёмны час сутак), 509 атрымалі траўмы. Флікеры дапамаглі б вырашыць праблему: яны дазваляюць вадзіцелю ўбачыць пешахода ў святле фар на адлегласці да 400 метраў. Праўда, не ўсе: значную ролю адыгрывае колер, памер святлоадбівальніка. Каб не памыліцца ў выбары, у рамках правядзення з 20 па 30 кастрычніка рэспубліканскай акцыі “Не будзь невідзімкай на дарозе!” разам з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі мы праверылі на справе не адзін такі элемент.

Дзевятнаццаць гадзін. Спыняемся на неасветленым участку дарогі. У наяўнасці некалькі розных флікераў. Можна было б прычапіць усе – такога чалавека вадзіцель заўважыць з любой кропкі. Але зіхатлівых, нібы навагодняя ёлка, пешаходаў убачыш хіба што на агітацыйных плакатах ДАІ. У рэальным жыцці мы носім у лепшым выпадку адзін такі элемент.

Тэсціруем найперш красоў­кі. Устаўленых вытворцам святлоадбівальных палос не бачна вадзіцелю, паколькі святло фар на іх не трапляе. Флікер на сумцы таксама не панацэя: адзін няёмкі рух – і рукаў курткі цалкам яго закрыў. Бачнасць такога флікера склала ўсяго 30 метраў – адлегласць пры хуткім руху крытычная. Самай эфектыўнай аказалася святлоадбівальная камізэлька. У ёй убачылі чалавека амаль за 400 метраў. Аднолькавыя вынікі паказалі куртка са святлоадбівальнымі палоскамі на спіне і нарукаўны флікер-палоска – іх вадзіцель разгледзеў з адлегласці 300 метраў, а ў блізкім святле – за 120.

Адны флікеры ратуюць жыцці, іншыя толькі ствараюць ілюзію бяспекі. “Не ўсё, на што прымацавана этыкетка “святлоадбівальны элемент”, на самой справе ім з’яўляецца, – кажа выконваючы абавязкі старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ Дзяніс Бабянок. – Свядомыя вытворцы пазначаюць, што флікер адпавядае стандарту СТБ ЕН 13356-2006 “Вырабы святлоадбівальныя для пешаходаў”. Да таго ж такая прадукцыя, як правіла, пазначана вадзянымі знакамі. Калі напісана, што выраб – гэта браслет ці сувенір, то нават пры знешнім падабенстве ён можа і не быць святлоадбівальным. Разглядаем такі флікер-падробку. Выглядае як звычайны, у цемры свеціцца… Аднак бачны ён усяго за 5 метраў. Па нормах жа для бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 (лепшыя характарыстыкі ў гэтым сэнсе дэманструюць флікеры белага і лімоннага колераў), бо прыпыначны шлях аўтамабіля на мокрым дарожным пакрыцці пры хуткасці 90 км/г набліжаецца да 153 метраў, на сухім – каля 90.

Праваахоўнікі нагадваюць: правілы дарожнага руху АБАВЯЗВАЮЦЬ пешаходаў, якія знаходзяцца на праезнай частцы ці абочыне ў цёмны час сутак, абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Гэта жа РЭКАМЕНДУЕЦЦА рабіць тым, хто ідзе па пешаходным пераходзе. Што датычыцца адказнасці, то на першы раз атрымаеце папярэджанне, у другі на працягу года – штраф у памеры адной базавай велічыні, а пры ўмове алкагольнага ап’янення – да трох. Можна купіць з дзясятак святлоадбівальнікаў…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *