Жатва в Ушачском районе набирает обороты

Сельское хозяйство

Здавалася, толькі-толькі закладалася насенне яравых у глебу, а вось ужо наліты колас просіцца да абмалоту – прыйшоў час жніва. Як і заўсёды, шлях да яго не быў лёгкім, але аграрыі вырасцілі ўраджай. Які ён – зараз пакуль сказаць складана, бо ўбіраюцца толькі першыя ўчасткі, а яны, як паказвае вопыт, яшчэ не самыя ўраджайныя.  
Распачалі ж уборачную кампанію гаспадаркі раёна з уборкі азімага рапсу, а цяпер кіпіць работа і на зерневых палетках.
За аграгарадком Кублічы ў раёне вёскі Чамярычына чутны прыемны гул камбайнаў – тры адзінкі ў пачатку тыдня працавалі на ўборцы жыта. На адным з камбайнаў – перадавік гаспадаркі і адказны работнік Мікалай Ступко разам з сынам Сяргеем (на здымку), які прыехаў да бацькоў з Горак на летнія канікулы і, што называецца, практыкуецца ў сельскагаспадарчай справе, якую ён для сябе абраў. Мікалай Уладзіміравіч зусім нядаўна нарыхтоўваў кармы на сваім КВК-800, а цяпер перасеў на зернеўборачны камбайн, на якім працуе ўжо трэці сезон. Ураджайнасць на названым полі невялікая – крыху больш за 15 цэнтнераў з гектара, а сярэдняя ж па гаспадарцы склала 22,4. Плануецца, што на многіх участках яна будзе значна вышэйшай.
На кожным работніку ляжыць адказнасць за ўраджай, за якасць яго ўборкі. У “Кублічах” сёлета хоць і добра выглядаюць зерневыя, аднак, як і па ўсім раёне, моцная палегліца, якой не было за апошнія некалькі гадоў. Таму адно з патрабаванняў пры ўборцы – абавязковае выкарыстанне сцеблепадымальнікаў, каб не заставалася ў полі няўбранага зерня.
Усе камбайны гаспадаркі выйшлі на палеткі з дадатковым абсталяваннем, а наогул у гэтым годзе парк тэхнікі папоўніўся і новымі, таму павінны паспець укласціся ў вызначаныя тэрміны ўборкі.
Поўнасцю падрыхтаваны ў “Кублічах” зернясховішчы і пляцоўкі. Як заўсёды, гатовы выканаць і дзяржзаказ, у залік якога і пайшлі першыя тоны пшаніцы. З пачатку ўборкі ўжо намалочана 294 тоны.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *