ОГАИ Ушачского РОВД напоминает о необходимости использования фликеров в сумерках и темноте

Профилактика и безопасность

У дні, калі дарожнае становішча ўскладняюць дажджы і туманы, колькасць аварый з удзелам пешаходаў узрастае.

За 10 месяцаў бягучага года ў Беларусі іх адбылося 583 – 90 чалавек загінулі (67 з іх – у цёмны час сутак), 509 атрымалі траўмы. Флікеры дапамаглі б вырашыць праблему: яны дазваляюць вадзіцелю ўбачыць пешахода ў святле фар на адлегласці да 400 метраў. Праўда, не ўсе: значную ролю адыгрывае іх колер, памер і размяшчэнне.

Устаўленых вытворцам палос на красоўках вадзіцелю не бачна, паколькі святло фар на іх не трапляе. Флікер на сумцы таксама не панацэя: адзін рух – і рукаў курткі цалкам яго закрывае, а бачнасць элемента ўсяго 30 метраў – адлегласць пры хуткім руху крытычная. Самая эфектыўная – святлоадбівальная камізэлька: у ёй чалавек бачны амаль за 400 метраў. Курткі з вялікімі святлоадбівальнымі ўстаўкамі і нарукаўны флікер-палоску вадзіцель разгледзіць з 300, а ў блізкім святле – са 120 метраў.

“Не ўсё, на што прымацавана этыкетка “святлоадбівальны элемент”, на самой справе ім з’яўляецца, – звяртае ўвагу выконваючы абавязкі старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ Дзяніс Бабянок. – Свядомыя вытворцы пазначаюць, што флікер адпавядае стандарту СТБ ЕН 13356-2006 “Вырабы святлоадбівальныя для пешаходаў”. Яны, як правіла, маюць вадзяныя знакі. Калі напісана, што гэта браслет ці сувенір, то нават пры знешнім падабенстве святлоадбівальнікам ён наўрад ці з’яўляецца. А калі і свеціцца, то ўсяго за 5 метраў. Па нормах жа для бяспекі флікеры павінны вяртаць святло з адлегласці не менш за 160 (лепшыя характарыстыкі ў гэтым сэнсе дэманструюць вырабы белага і лімоннага колераў), бо прыпыначны шлях аўтамабіля на мокрым дарожным пакрыцці пры хуткасці 90 км/г набліжаецца да 153 метраў, на сухім – каля 90.

Праваахоўнікі нагадваюць: абноўленыя нядаўна правілы дарожнага руху АБАВЯЗВАЮЦЬ пешаходаў, якія знаходзяцца на праезнай частцы ці абочыне ў цёмны час сутак, абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Гэта РЭКАМЕНДУЕЦЦА рабіць і тым, хто ідзе па пешаходным пераходзе. Што датычыцца адказнасці, то на першы раз атрымаеце папярэджанне, у другі на працягу года – штраф у памеры адной базавай велічыні, а пры ўмове алкагольнага ап’янення – да трох. Можна купіць з дзясятак святлоадбівальнікаў…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *