«100 лет с народом»: участковые Ушачского района 17 ноября отмечают вековой юбилей службы

Общество

17 лістапада службе ўчастковых інспектараў міліцыі Беларусі спаўняецца 100 гадоў. Нягледзячы на векавую гісторыю, ускладзеныя на іх задачы не змяніліся – заставацца на варце грамадскага парадку, цесна ўзаемадзейнічаць з мясцовым насельніцтвам.

Участковы заўсёды побач

Гэтым патрабаванням ва ўсе часы адпавядалі супрацоўнікі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Ушацкага РАУС, дарэчы, самага прадстаўнічага ў аддзеле – зараз у яго штаце 11 спецыялістаў. 13 гадоў таму пачаў тут службовую дзейнасць Аляксей Мікалаевіч Антуновіч, цяперашні начальнік ААПП. Функцыі яго намесніка з 2021-га выконвае Аляксандр Аляксандравіч Бандарэнка, які вядзе таксама пытанні абароту зброі. Прадухіленнем распаўсюджання п’янства, сямейнага насілля ў раёне займаецца старшы інспектар прафілактыкі Юлія Сяргееўна Гаўрылюк. Адказна нясуць службу і 8 участковых інспектараў, 6 з якіх абслугоўваюць сельскую мясцовасць, 2 – гарадскі пасёлак. Прычым, многія жывуць на тэрыторыі сваіх жа ўчасткаў, што дапамагае ў рабоце.

Самы вопытны з прадстаўнікоў ААПП – Аляксей Юр’евіч Барадулька, які “вядзе” вуліцы Ушач, размешчаныя, умоўна кажучы, па адзін бок ад Савецкай – Віцебскую, Калінінскую, частку Ленінскай, Савецкай, Фрунзэ… Астатнія ж знаходзяцца ў зоне адказнасці Дзяніса Міхайлавіча Пчолкі, які ў праваахоўных органах з 2006-га. Адразу два сельсаветы – Вяркудскі і Глыбачанскі – абслугоўвае зараз старшы ўчастковы інспектар Дзяніс Мікалаевіч Бункевіч. Ён, а таксама Алег Алегавіч Гоман, які адказвае за правапарадак на Вялікадалеччыне, у ААПП з 2020-га. Крыху больш – Ігар Уладзіміравіч Бугроў з Жарскага сельсавета. У Сарочынскім усяго за год заваяваў давер насельніцтва Станіслаў Вячаслававіч Коршун. Ва Ушацкім паспяхова асвойвае прафесію малады спецыяліст Мікіта Пятровіч Вяр’ясаў. Ну а старшы ўчастковы інспектар Андрэй Уладзіміравіч Піскун з Кубліччыны ў аддзяленні ўжо цэлае дзесяцігоддзе.


Дзедаў аўтарытэт – яго арыенцір

Калі 15 гадоў таму Аляксей Барадулька атрымліваў міліцэйскія пагоны, больш за ўсіх, напэўна, радаваўся яго дзед па бацькавай лініі Генадзь Антонавіч. Ветэран праваахоўнага руху, некалі першы намеснік начальніка Ушацкага РАУС заўсёды быў для ўнука прыкладам, а на старце службовай дзейнасці яшчэ і першым дарадцам.

Канчаткова ўпэўніцца ў выбары будучай прафесіі нашаму земляку дапамагла служба ў арміі. Пасля заканчэння Ушацкай школы і Віцебскага палітэхнічнага каледжа ён трапіў ва ўнутраныя войскі, дзе з задавальненнем выходзіў на ахову грамадскага парадку. Менавіта таму пасля дэмабілізацыі паспяшаўся ў райаддзел унутраных спраў – каб займацца справай, якую паспеў асвоіць.

Першыя паўгода А.Ю.Барадулька быў міліцыянерам-дзяжурным ізалятара часовага ўтрымання, у 2009-м жа стаў участковым інспектарам – пачынаў з абслугоўвання Ушач, большая ж частка службовай дзейнасці прайшла на тэрыторыі Сарочынскага сельсавета.

“На даверанай мне тэрыторыі ў той час было каля 60 населеных пунктаў і звыш 2200 жыхароў, – расказвае Аляксей Юр’евіч. – Літаральна штодня на ўласным аўтамабілі аб’язджаў домаўладанні, знаёміўся з людзьмі, цікавіўся праблемамі. Не для таго, каб зарабіць пахвалу ад іх ці кіраўніцтва – рэальна атрымліваю задавальненне ад зносін, разумення таго, што магу дапамагчы”. Гэтым, дарэчы, участковы інспектар хутка заваяваў аўтарытэт, давер у насельніцтва.

Праўда, мець зносіны праваахоўніку часцей даводзіцца з няпростым кантынгентам. Як прызнаецца, за 14 гадоў дзяжурствы, якія б увогуле праходзілі без фактаў крадзяжу, хуліганстваў ці суседскіх сварак, можна пералічыць на пальцах адной рукі. А вось уціхамірваць агрэсараў, прыміраць бакі даводзіцца пастаянна.

“Бывае, прыязджаем на праверку “ўлікоўца” ці да парушальніка, а ён нібыта нічога не разумее і нават абураецца, маўляў, навошта яго турбуем, – расказвае ўчастковы. – Даводзіцца стрымліваць свае эмоцыі, падбіраць правільныя словы… Але ж “чуюць”, на жаль, не ўсе, у выніку чаго зарабляюць дадатковыя непрыемнасці – напрыклад, артыкул за абразу”.

Работа ў святы і выхадныя, сутачныя дзяжурствы і начныя выезды… Нягледзячы на ўсё гэта, змяніць спецыфіку і тым больш сферу дзейнасці герой нашага аповеду не жадае – ад прапаноў, якіх было нямала, адмаўляецца. Не раз адзначаўся ён узнагародамі РАУС і не толькі. Але ж галоўнымі для сябе лічыць паважлівыя адносіны з боку грамадзян, з якімі працуе.

“Пачакайце, трэба ў Людмілы Андрэеўны штосьці спытаць”, – прыкмеціўшы жыхарку аднаго з дамоў па вуліцы Ленінскай, дзе мы шукалі месца для здымка, А.Ю.Барадулька на хвілінку прыпыніў інтэрв’ю. Было бачна: справай сваёй гарыць, парадавалася сустрэчы і жанчына. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, яны гутарылі як даўнія і добрыя знаёмыя, абмеркавалі, ці турбуюць домаўладальнікаў тыя, хто часта сядзіць у бліжэйшай альтанцы. “Выдатную выбралі кандыдатуру для артыкула! – даведаўшыся пра мэту нашай сустрэчы з Аляксеем Юр’евічам, зазначыла Л.А.Ражноўская. – Ён не толькі ўчастковы інспектар, але і чалавек выдатны!”. І такім словам, упэўнены, парадаваўся з нябёсаў Генадзь Антонавіч, па слядах якога пайшоў унук.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *