В Ушачском районе прошли игры женского и мужского чемпионатов по настольному теннису

Cпорт

Лістапад – месяц шэры і слотны, затое яго доўгія вечары ідэальна падыходзяць для гарачых тэнісных баталій, якія разгортваліся на спартыўным комплексе ў рамках раённага чэмпіянату.

Сёлета для ўдзелу ў асабістым мужчынскім першынстве заявілася паўтара дзясятка майстроў малой ракеткі, а паколькі ўсім належала згуляць адзін з адным, спаборніцтвы расцягнуліся на паўмесяца. У турнірнай сетцы былі як спартыўныя аксакалы (Валерый Корань, Віктар Леўшык), так і юны Мікіта Халімоненка, які навязваў барацьбу вопытным апанентам. Гулялі на турніры і іншыя дэбютанты – так, уласным прыкладам рэкламаваў актыўны лад жыцця галоўны ўрач ЦРБ Юрый Пацёмкін. У сярэдзіне чэмпіянату вызначылася кола галоўных прэтэндэнтаў на перамогу: лясгасавец Віктар Волах і работнік санаторыя Уладзімір Сільванёнак не страцілі ніводнага ачка, у спіну ім дыхаў Уладзімір Гардзіёнак з Арэхаўскай школы.

Але інтрыга трымалася, бо яшчэ адзін фаварыт – Аляксандр Федарэнка, які працуе ў Санкт-Пецярбургу, папрасіў арганізатараў скласці каляндар так, каб яго гульні прыпалі на фінішны адрэзак, калі ён прыедзе на радзіму. І тэнісіст нікому не пакінуў шансаў на “золата”. “Шкада, што чэмпіянат скончыўся: я толькі разыграўся! Хоць і не згубіў ачкоў, але сустрэчы праходзілі цікава – напрыклад, упартай была наша барацьба з Віталем Клімашэўскім. Атрымаў вялікае задавальненне!”, – падзяліўся з намі пераможца. Лёс “срэбра” і “бронзы” вызначаўся ў паядынку паміж В.Волахам і У.Сільванёнкам – больш каштоўны метал здабыў першы.

А вось жанчыны разыгралі медалі першынства за адзін вечар – удзельніц, на жаль, было небагата: за перамогу змагаліся прадстаўніцы МНС, рэдакцыі, філіяла аблспажыўтаварыства, Ушацкай і Арэхаўскай СШ. У выніку “золата” заваявала Аляксандра Шаўчэнка, якая нядаўна выйшла з дэкрэтнага водпуску і працуе псіхолагам у апошняй. “У нашай школе тэніс вельмі папулярны. Яго азам калісьці вучыў мяне настаўнік фізкультуры Валерый Корань, і прыемна бачыць, што ён па-ранейшаму ў спартыўным страі”, – зазначыла Аляксандра. Другое і трэцяе месцы – у Святланы Красновай і Крысціны Шастаковай.

Усе прызёры спаборніцтваў атрымалі ад РФСК сертыфікаты на некалькі бясплатных наведванняў “Юнацтва-
Ушачы”. “У мяне якраз сёння першы дзень водпуску, так што будзе чым заняцца”, – зазначыла Крысціна. А настаўнік фізкультуры Святлана, якой нагрузкі хапае і на ўроках, падарыла свой прыз уладальніцы чацвёртага месца Таццяне Хрыпель. “Вось і выдатна! Буду трэніравацца, каб у наступны раз выступіць яшчэ лепш!”, – паабяцала тая. Такая магчымасць будзе ў аматараў тэнісу вясной – чэмпіянат па гэтым відзе ладзіцца двойчы ў год.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: В.Леўшык, В.Корань, А.Федарэнка, У.Сільванёнак, В.Волах, У.Гардзіёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *