Рассказываем о спортивных мероприятиях Ушаччины этой недели

Cпорт

Бліснулі на брэсцкім татамі

Адкрыты турнір па дзюдо “Цытадэль-2023”, прысвечаны абаронцам Брэсцкай крэпасці, прайшоў на выхадных у аднайменным горадзе. Праграма прэстыжных спаборніцтваў, якія праводзяцца з 2011 года, заўсёды пачынаецца з ускладання кветак да мемарыялу і ўшанавання памяці паўшых герояў.

Сёлета ў ліку 400 спартсменаў, якія прыехалі ў Брэст з розных куткоў Беларусі і Расіі, упершыню былі і прадстаўнікі Ушацкай СДЮШАР. Дэбют атрымаўся ўдалым: амаль усе нашы дзюдаісткі (каманду складалі толькі дзяўчаты) вярнуліся дамоў з медалямі – Аліса Зуева ўзнялася на першую прыступку п’едэстала, Уладзіслава Цюкала – на другую, Карына Лецкая і Аляксандра Міхаль заваявалі “бронзу”, усе сілы на татамі аддала і Каця Рубанік, але яна толькі перайшла ў новую вагавую катэгорыю і яшчэ не надта ў ёй адаптавалася. Па словах трэнера Святланы Фядосенкі, гэтыя спаборніцтвы сталі праверкай гатоўнасці нашай каманды перад чэмпіянатам рэспублікі, які пройдзе ў студзені.


У цікавай барацьбе

На шахматныя турніры, што ладзяцца на базе “Юнацтва-Ушачы”, ахвотна збіраюцца не толькі мясцовыя ігракі, а і госці з суседніх раёнаў – у нядзелю да нас прыехалі аматары старажытнай гульні з Глыбокага і Лепеля, баявы склад выставілі і гаспадары.

Майстэрства большасці ўдзельнікаў было прыкладна роўным – кожны запісаў у свой актыў балы за ўдалыя паядынкі. Лепшым з ушачан у гэты раз аказаўся Леанід Слуцкі – у яго “бронза” турніру. Ну а “срэбра” і “золата” дасталася лепяльчанам Івану Бараноўскаму і Васілю Шумко. Пераможца, які не страціў ніводнага ачка, атрымаў каштоўны прыз ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.


Самыя трапныя

Дартс прываблівае прыхільнікаў тым, што для заняткаў гэтым відам не трэба мець надзвычайных фізічных кандыцый, а ўзрост, пол, рост і вага не маюць асаблівага значэння для поспеху. А вось трэніроўкі дакладна на яго ўплываюць. Так, начальнік будаўнічага ўчастка Полацкага аграхолдынга і ветэран спартыўнага руху Мікалай Фядосенка пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства ў паражэнні мішэні, ёсць “дамашні” набор дроцікаў і ў лясгасаўца Андрэя Лодзіса. А таму нядзіўна, што менавіта паміж гэтымі снайперамі разгарнулася асноўная барацьба за лідарства на раённым першынстве па дартсе, якое праходзіла на спарткомплексе ў суботу. У выніку перамогу святкаваў першы. “Бронза” ж дасталася дырэктару РФСК Андрэю Жыткову. Лепшыя дартсісты атрымалі сертыфікаты на наведванне комплексу.

Нельга не адзначыць і прадстаўнікоў УП ЖКГ – хоць спаборніцтвы былі асабістымі, камунальнікі прыбылі на іх цэлай камандай: кампанію Паўлу Пашкову склалі дзве Аксаны – Касяк і Дрозд, і хоць прызавых месцаў яны не заваявалі, затое атрымалі задавальненне ад цікавай спартыўнай барацьбы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *