ОГАИ Ушачского РОВД напоминает о необходимости сменить шины на зимние до 1 декабря

Профилактика и безопасность

Пры падзенні тэмпературы ніжэй пяці градусаў летняя гума губляе свае ўласцівасці, становіцца жорсткай, што адбіваецца на тармазным шляху, паводзінах аўтамабіля на дарозе. Менавіта таму важна своечасова “пераабуць” транспартны сродак.

У панядзелак мы з супрацоўнікамі аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС адправіліся ў рэйд, каб паглядзець, ці гатовы аўтааматары да такога сезоннага патрабавання ПДР. “Парушальнікі ёсць, але адзінкавыя. Правіла дзейнічае не першы год – і ўсе ведаюць, што пазбегнуць адказнасці не атрымаецца. Ды і самі разумеюць, што змяніўшы летнюю гуму на зімовую, павышаюць уласную бяспеку ў складаных умовах надвор’я, – адзначае начальнік АДАІ М.Л.Гаўрылюк. – Вадзіцелям у гэты перыяд варта перагледзець і стыль кіравання: знізіць хуткасць руху, захоўваць дыстанцыю з улікам стану дарогі, адмовіцца ад рызыкоўных манеўраў, пазбягаць рэзкіх тармажэнняў, павысіць пільнасць пры праездзе пешаходных пераходаў”.

Спыняем некалькі машын. Дазволеныя шыны без праблем адрозніваем па маркіроўцы ў выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай ўнутры або па спалучэнні літар М і S, надпісу All Seasons. Звяртаем увагу на вышыню малюнка пратэктара: яна павінна быць не меншай за 4 мм. Дарэчы, пільнае вока дзяржаўтаінспектара заўважае “непераабутае” аўто здалёк нават у шчыльным патоку транспарту. “Закруціўся на рабоце, не паспеў запісацца ў аўтасэрвіс. Цяпер там чарга, але да 1 снежня шыны абавязкова памяняю”, – запэўніваў мужчына, якога сустрэлі на перакрыжаванні Ленінскай і Савецкай. Мікалай Леанідавіч параіў у будучым рыхтавацца да сезона загадзя, паколькі ўжо з першым снегам колькасць “слізкіх” аварый узрастае ў разы.

З 27 лістапада па 5 снежня ДАІ праводзіць рэспубліканскую акцыю “Мяняй свой стыль на зімовы”. Варта нагадаць, што з 1 снежня за язду на аўтамабілі з летнімі шынамі пагражае штраф да адной базавай велічыні. Пры паўторным ігнараванні правілаў на працягу года – ад двух да пяці.

Вялікі “плюс” на карысць зімнім шынам паставіў праведзены ў той жа дзень эксперымент. У сапраўды “нялётнае” надвор’е мы папрасілі вадзіцеляў праехаць па заснежанай дарозе на рознай хуткасці і ў вызначаным месцы паспрабаваць спыніцца. І кіруемасць, і працягласць тармазнога шляху ва ўсіх выпадках паказалі, што летняя гума на парадак саступае сваім сезонным аналагам. Нават пры руху ў 40 км/г машыну на ёй “штарміла”, другі ж паказчык павялічваўся амаль у тры разы. “Для мяне гэта адкрыццём не стала, – прызнаўся адзін з удзельнікаў тэст-драйву Васіль Уладзіміравіч Рудзёнак. – Як галоўны механік лясгаса, ды і вадзіцель са стажам добра ведаю, што летнія шыны небяспечныя пры выкарыстанні нават у тэмпературу каля нуля. На сваім прадпрыемстве, за выхад транспарту ў якім адказваю, падобнага не дапускаю. Раю ўсім адказна ставіцца да выбару “абутку” для аўто”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “ОГАИ Ушачского РОВД напоминает о необходимости сменить шины на зимние до 1 декабря

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *