Рассказываем о результатах районного этапа республиканской олимпиады по учебным предметам среди учащихся 8-11 классов

Образование и молодежь

Падведзены вынікі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 8-11 класаў. Ладзіўся ён у некалькі дзён, што дазволіла юнакам і дзяўчатам выпрабаваць свае сілы адразу па трох з 14 прадметаў.

Выніковай стала алімпіяда па беларускай мове і літаратуры для дзесяцікласніцы Дамінікі Лапіцкай з Вялікадолецкай школы (настаўнік – Н.К.Спірыдзёнак) – у яе дыплом І ступені. “Бронзавы” вынік прадэманстравалі адзінаццацікласнік з гэтай жа ўстановы Аляксандр Раманоўскі, дзевяцікласніца Дар’я Краснова з Глыбачанскай СШ (Г.В.Казлова) і дзесяцікласніца Анастасія Танана з Арэхаўскай (А.С.Кашко).

Такая ж колькасць дыпламантаў – на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры. Тут “срэбра” заваявалі вучаніца 9 класа Ушацкай школы Анастасія Клачок (А.В.Правада) і дзесяцікласніца Анастасія Танана з Арэхаўскай (Н.Л.Корань). Дыпломы ІІІ ступені – у адзінаццацікласніц з райцэнтра Веранікі Гракавай і Вікторыі Салавей (абедзвюх падрыхтавала Л.В.Трафімава).

Па плячы навучэнцам з Ушацкай СШ і англійская мова. Так, дзесяцікласніцы Паліна Салаўёва і Таццяна Кіліна (І.В.Маслоўская) заваявалі “срэбра” і “бронзу” адпаведна. Дыплом ІІ ступені таксама ў адзінаццацікласніка Ягора Обуха (В.А.Мартынюк).

Найбольш паспяхова выступілі прадстаўнікі Ушацкай СШ: на іх рахунку 28 узнагарод па 11 прадметах. Сярод сельскіх лепшы вынік у каманды Арэхаўскай СШ – 8 дыпломаў (для параўнання: у Вялікадолецкай і Глыбачанскай – па 3, Ільюшынскай – 1).

Добра заявілі пра сябе юныя географы. У вучаніцы 9 класа Дар’і Маковіч і дзесяцікласніка Яўгена Талмачова з Ушач (М.У.Малаткавец) – узнагароды ІІ і ІІІ ступені адпаведна. Аднагодка хлопца Валерыя Каўрыжонак з Арэхаўскай школы (Н.А.Мізярска) заваявала “срэбра”, а адзінаццацікласнік Арцём Курыловіч з Ільюшынскай (І.В.Мілая) – “бронзу”.
Па гісторыі не было роўных вучню 11 класа Георгію Грыгор’еву з Глыбачанскай СШ (У.А.Палякоў) і дзесяцікласніцы Валерыі Каўрыжонак з Арэхаўскай (Л.А.Булаўка) – у іх дыпломы ІІ ступені. У аднакласніцы ж дзяўчыны Крысціны Філіпавай – ІІІ.

Па грамадазнаўстве “залатую” ўзнагароду заваявала вучаніца 10 класа Таццяна Кіліна з Ушач (М.У.Міхайлава), “срэбраную” і “бронзавую” – адзінаццацікласнікі Георгій Грыгор’еў з Глыбачкі (У.А.Палякоў) і Аляксандра Пячура з Ушач (У.Л.Хамёнак).

Не падвялі настаўнікаў юныя хімікі з Ушацкай СШ. У дзевяцікласніц Анастасіі Ларчанкі і Ганны Качко (Л.А.Струй) – дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна. Гэтак жа размеркавалі ўзнагароды вучні 10 і 11 класаў Кірыл Шук і Іван Чумакоў (А.В.Марозава).

П’едэстал пераможцаў алімпіяды па матэматыцы таксама прадстаўлены пераважна вучнямі Ушацкай школы. Так, першую прыступку заняў дзесяцікласнік Цімафей Ганчаронак (І.Г.Каваленка), трэцюю – васьмікласнікі Міхаіл Зелянік і Аляксандр Калясінскі (Н.М.Герцык), дзевяцікласніца Кацярына Васілеўская (Г.М.Сарокіна). Кампанію ж ім склаў прадстаўнік Арэхаўскай СШ, вучань 11 класа Яўген Ільюшэвіч (Л.М.Шчэкачыхіна) – у яго “срэбра”.

Самымі папулярнымі сталі матэматыка, якая сабрала 13 удзельнікаў, грамадазнаўства – 11, геаграфія – 10.

Лепшы вынік па фізіцы прадэманстравалі навучэнцы В.М.Герцыка з Ушач: дзевяцікласніца Аліна Хамёнак і дзесяцікласнік Цімафей Ганчаронак – у іх дыпломы ІІ і ІІІ ступені, а таксама вучань 11 класа з Арэхаўна Яўген Ільюшэвіч (В.І.Карчэўскі) – у яго “бронза”.

Адразу чацвярых ушацкіх дыпламантаў па біялогіі падрыхтавала В.А.Жыткая. “Золата” заваявала дзесяцікласніца Ксенія Барысёнак, “срэбра” – яе аднагодка Паліна Юркевіч, а таксама дзевяцікласніца Паліна Аўласенка і адзінаццацікласніца Вераніка Гракава. “Бронза” ж дасталася вучаніцы 10 класа Дамініцы Лапіцкай з Вялікадолецкай СШ (В.М.Шышоў).

Удалай для дваіх школьнікаў стала алімпіяда па фізічнай культуры і здароўі. Дыпломы ІІІ ступені на ёй заваявалі адзінаццацікласніца Марыя Харак з Ушацкай СШ (Ю.М.Красілевіч) і дзесяцікласнік Кірыл Пранік з Арэхаўскай (У.М.Магілін).

Па працоўным навучанні “срэбра” і “бронзу” заваявалі дзевяцікласнік Арсеній Глінскі і васьмікласнік Павел Шайтар з Ушацкай школы (абодва – выхаванцы Д.П.Дразда). Сярод жа дзяўчат лепшай стала дзевяцікласніца Кацярына Васілеўская з гэтай жа навучальнай установы (А.У.Жарнасек).

Напачатку 2024 года на Віцебшчыне пройдзе абласны этап алімпіяды. Пажадаем юным інтэлектуалам нашага раёна новых перамог.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *