«Белгосстрах» – гарант надёжности для своих клиентов

Общество

“Ад чаго застрахаваны агент Белдзяржстраха?” – пытаюся ў Валянціны Васільеўны Лісічонак і чую аптымістычнае: “Ад усяго. Няшчасных выпадкаў і ўкусаў кляшчоў, ад непрадбачаных дзеянняў з боку майго сабакі і замахаў на банкаўскую картачку, толькі як уласнік аўтамабіля маю тры дагаворы, выплаты атрымаюць нават мае выпадковыя пасажыры, калі крый Бог што здарыцца”. Полісамі, праўда, вопытны вадзіцель ні разу не скарысталася і задаволена, што яно так. За рулём не адно дзесяцігоддзе, але займеўшы аднойчы “Аўтакаску”, адчула такі спакой, што ні на хвіліну не вагаецца, ці працягваць
гэты від.

Машына, дарэчы, вельмі дапамагае ў рабоце. Аўтобусы ў невялікія вёскі ходзяць рэдка, калі ўвогуле заходзяць, а наведацца трэба абсалютна да кожнага. Ды і небяспечней на колах. Зусім не з баязлівага дзясятка, вырасла ў лясной вёсцы Адворня, яна не баіцца ні сабак, ні ваўкоў, але аднойчы ёй рэальна было страшна. Вярталася пешшу ад кліентаў па дарозе, на якой за дзень тэхнікі не ўбачыш, а ўперадзе ішоў мужчына, які ўвесь час абарочваўся і ўглядаўся…

І нарэшце, не трэба нервавацца, што некуды не паспееш, калі гаваркі кліент нечакана затрымае на дзве гадзіны. А такое здараецца, паколькі адной з умоў паспяховасці агента Валянціна Васільеўна лічыць кантакт з людзьмі, наладжваць які яна ўмее. Агародніца, кветкавод, рыбачка, грыбнік, “заатэхнік” па ўсіх відах жывёлы, яна падтрымае размову на любую тэму. А колькі ў яе арсенале прымавак ды жыццёвых сітуацый на кожны страхавы выпадак! Сёлета, напрыклад, павялічыла колькасць кліентаў па страхаванні помнікаў, калі расказала, колькі іх пашкоджана пасля падзення дрэў. А расказваць пра новыя віды, тлумачыць перавагі, пераконваць даводзіцца пастаянна.

“Заўсёды паўтараю, што поліс заключаць трэба не каб падстрахавацца, а сапраўды быць застрахаваным. Крыўдна было за працалюбівую сям’ю, якую так і не пераканала ў павышэнні сумы па добраахвотным відзе і пасля пажару яны кампенсавалі толькі трэцюю частку ўрону. Але большаць якраз прыслухоўваюцца, ды і рэальныя прыклады дапамагаюць. Многа людзей самі прыходзілі да нас у аддзел і заключалі дадатковыя дагаворы, павялічвалі страхавую суму на маёмасць пасля жнівеньскага ўрагану”, – расказвае Валянціна Васільеўна.

Цяпер, на трынаццатым годзе работы ў аддзеле, калі напрацавана ўласная кліенцкая база с тэлефонамі, тэрмінамі атрымання зарплат і пенсій, намнога прасцей працаваць. Самым складаным быў пачатак самастойнай дзейнасці, у які вельмі дапамагала Валянціна Куніцкая, нават разам заходзіла да першых кліентаў. Дзякуючы ёй, хоць і абсалютна выпадкова, і аказалася В.Лісічонак у арганізацыі. Прачытала ў “раёнцы”, што шукаюць страхавога агента, і патэлефанавала ёй распытаць пра ўмовы. Аказалася, што аб’яву давалі канкурэнты “Белдзяржстраха”, але і тут таксама мелася вакансія. Хоць на былога гандлёвага работніка “зваліўся” вельмі вялікі аб’ём новай інфармацыі, ніколі не пашкадавала аб сваім выбары.

За гэты час у Валянціны Васільеўны не толькі свая база, але і методыка ахопу вялікай тэрыторыі. Аднак не прыменіш яе пры перамене ці пашырэнні зоны абслугоўвання. Вось і зараз, калі акрамя паловы Ушач і часткі Вяркудскага сельсавета дабавіўся і зусім незнаёмы Жарскі, проста пачынае ўсё з нуля. “Хаджу і сустракаюся з людзьмі, знаёмствы з якімі прыносяць мне задавальненне. Калі раней самымі любімымі і па колькасці дагавораў страхавання, і па прыгажосці для мяне былі Гарадок, Рог, Двор Павулле, то зараз у захапленні ад Гарадца. Наогул за 13 год добра ведаю палову жыхароў раёна, прычым, і па імя па бацьку, не заглядваючы ў запісную кніжку. За цікавыя знаёмствы і люблю сваю работу. А таксама за зручны графік, паколькі сама вызначаю, калі ў каго павінна пабываць, хоць выхадныя і вечары, калі дома большасць жыхароў і дачнікаў, праўда, амаль заўсёды працоўныя. І немалая справа – калектыў, а ён у нас проста выдатны. Вось і Мікалай Васільевіч Полазаў, які пайшоў на заслужаны адпачынак, падзяліўся са мной базай цяпер ужо маіх кліентаў. Так робяць усе, узаемавыручка – традыцыя нашай арганізацыі.

Вольга Караленка.


Больш сотні варыянтаў страхавання па 80-х відах як абавязковага, так і добраахвотнага, прапаноўвае сваім кліентам аддзел Белдзяржстраха па Ушацкім раёне. Сваё прафесійнае свята калектыў традыцыйна сустракае з добрымі вынікамі, хоць сёлета зменшыўся адразу на 4 адзінкі і значна павялічылася нагрузка на супрацоўнікаў. На заслужаны адпачынак пайшлі вопытныя работнікі Мікалай Васільевіч Полазаў, Уладзімір Паўлавіч Кулак, Таццяна Канстанцінаўна Палячэнка і абсалютны лідар мінулых гадоў Рэгіна Іванаўна Самсонава. Іх зоны абслугоўвання падзелены паміж астатнімі агентамі.

Выканалі свае планавыя паказчыкі за 11 месяцаў агенты страхавыя Валянціна Васільеўна Лісічонак, Вольга Аляксандраўна Хілько, Святлана Леанідаўна Байцова, Іван Дзмітрыевіч Пугачоў, Святлана Рычардаўна Каваленка, Ганаровай граматай Белдзяржстраха ўзнагароджана Галіна Мікалаеўна Лук’яненка, якая як і ў мінулыя гады – адна з лепшых у вобласці па аб’ёме паступленняў па добраахвотных відах страхавання. Вельмі вялікая нагрузка лягла пасля жнівеньскага ўрагану на плечы вядучых спецыялістаў Алены Пятроўны Северыной і Веры Уладзіміраўны Стрыжонак, якія абследавалі 134 уладанні і аператыўна склалі дакументы для хуткага пакрыцця ўрону.

“Літаральна ўсе супрацоўнікі аддзела працуюць сумленна, – падкрэслівае яго кіраўнік Тамара Васільеўна Зімніцкая. – Хачу падзякаваць ім і пажадаць шчасця, здароўя і прафесійнага росту. Няхай работа прыносіць задавальненне, а яе вынікі будуць запатрабаваныя і карысныя людзям. Віншую з Днём страхавых работнікаў таксама нашых ветэранаў, партнёраў і кліентаў. Дзякуй усім за давер і супрацоўніцтва”.


Страхавыя выпадкі немагчыма прадказаць. Небяспека можа чакаць людзей, іх жыллё, маёмасць. І калі ты не ў сілах прадухіліць бяду, то ў стане мінімізаваць яе наступствы. У гэтым у чарговы раз пераканаліся 534 чалавекі, якія звярнуліся ў аддзел па розных страхавых выпадках. Найбольшая іх колькасць – 226 – з-за траўм (летась было толькі 151), 162 – з-за урону, нанесенага ветрам. Аварыі ацяпляльнай сістэмы сталі прычынай у 34 выпадках, моцны снегапад пашкодзіў дахі і цяпліцы на 31 сядзібе, у выніку аварый на дарогах звярнулася 43 страхавальнікі грамадзянскай адказнасці транспартных сродкаў і 12 па “Аўтакасцы”, у выніку вымушанага забою ці падзяжу – 16 уласнікаў хатняй жывёлы.

Падчас жнівеньскай стыхіі вялікі ўрон быў нанесены таксама аўтамабілям, на якія валіўся зносімы з дахаў шыфер і металічныя лісты. Падобны выпадак з’яўляецца страхавым, калі машына застрахавана па “Аўтакасцы”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *