В этом году компания «Твестуба ПРО» отмечает юбилей

Общество

Сёлета кампанія “Твестуба ПРА” адзначае свой невялікі юбілей. У снежні закончыць трэцюю пяцігодку па выпуску кардонных туб, гільз, барабанаў, падарункавых упаковак. А каб замацавацца і атрымаць імя на зменлівым эканамічным рынку, ні аднаго дня не адступалі ад устаноўкі: ЯКАСЦЬ І ТОЛЬКІ ЯКАСЦЬ.

Менавіта пра якасць і гаварыў у першым інтэрв’ю дырэктар прадпрыемства В.В.Трушко. “Нас ніхто не ведае, канкурыраваць на сусветным рынку і з замежнымі вытворцамі можна толькі адпавядаючы ўсім стандартам”, – казаў тады Васіль Васільевіч. І нават калі прыспешвалі польскія заказчыкі, скрупулёзна адточвалі тэхналогіі на новым абсталяванні, каб прадукцыя выйшла бездакорнай.

Зараз іх выдатна ведаюць і ў Беларусі, і за мяжой. Імя кампаніі стала сінонімам трываласці і грунтоўнасці. Сярод заказчыкаў такія гіганты айчыннай прамысловасці, як “Магілёўшкловалакно”, “Полацк-Шкловалакно”, “Гродна Азот”, “Віцебскія дываны”, “Світанак”, “8 Сакавіка”… Ва ўшацкія тубы пакуюць свае брэндавыя, сувенірныя тавары Брэсцкі панчошны камбінат, лікёра-гарэлачныя заводы, “Гроднахлебпрам” і многія іншыя. Аднак прасцей працаваць не стала. Наадварот. Калі раней былі адзіным у Беларусі прадпрыемствам па выпуску такой імпартазамяшчальнай прадукцыі, то зараз іх дзясяткі. І трымаць “марку“ – паўсядзённая неабходнасць.
Дапусціць, што нейкая вытворчасць працуе абсалютна без браку, значыць схлусіць. І В.В.Трушко не ідэалізуе рэаліі: “Хоць на склад ніколі не працавалі, аднак ад выпуску да дастаўкі заказчыку праходзіць пэўны час, за які і здараюцца розныя нюансы, якія ад нас не залежаць. Напрыклад, у перавозчыка аказалася невялічкая, незаўважаная намі адтуліна ў тэнце і вільготнасць туб пры дастаўцы ў мокрае надвор’е перавысіла дапушчальныя 8-10 працэнтаў. Ці наадварот, пры анамальнай спякоце, як сёлета, яна зніжалася да 7 працэнтаў, што ў сваю чаргу прывяло да памяншэння даўжыні туб. Усяго на 3-4 міліметры, але гэта ўжо брак. Заказчыкі ж у нас вельмі патрабавальныя – ва ўсіх працуе высокадакладнае абсталяванне, таму нячастыя выпадкі вяртання прадукцыі ўсё ж здараюцца”.

Як і ў прыгаданым вышэй прыкладзе вытворчыя хібы настолькі мінімальныя, што іх не заўважыш няўзброеным вокам. Вось і ўзоры прадукцыі, якую рэкламуюць заказчыкам, а ў 2023-м і патэнцыяльным партнёрам раёна з Кітая, гэта таксама не прайшоўшы адбору брак. Прадпрымальнікаў жа з Паднябеснай наш тавар не зацікавіў па вельмі простай прычыне: у КНР падобная вытворчасць прадстаўлена шырока, нават выпускаецца ўласнае абсталяванне, якое і ўстаноўлена ў цэхах “Твестубы ПРА”. Ад першых простых станкоў з ручной пераналадкай перайшлі да хуткасных і поўнасцю аўтаматызаваных, дарэчы з японскай электронікай, якая таксама сімвалізуе якасць. Адразу набылі вільгацямер, у неабходнасці якога чытач ужо пераканаўся. А таксама апарат, які правярае дынамічную нагрузку на выраб: хоць тубы, бачонкі выпускаюцца з кардону, цяжар вытрымліваюць зусім непапяровы, на іх намотваюць дываны, шпагат і нават перавозяць бітум. “З кожнай партыі выбарачна бярэцца некалькі ўзораў, праходзяць іспыты на электронным абсталяванні, якое выдае чэк-характарыстыку, даныя якіх запісваюцца ў накладных на адгрузку прадукцыі”, – тлумачыць прынцып праверкі на якасць намеснік дырэктара па вытворчасці Нэлі Канстанцінаўна Хвошч.

Такім чынам брак калі і здараецца, то застаецца ў сваіх сценах. Трэба дадаць, што з году заснавання ўшацкае прадпрыемства працуе пад канкрэтныя характарыстыкі кожнага заказчыка, таму і сыравіну: кардон і клей, якія таксама адрозніваюцца па якасці, закупляюць у розных вытворцаў. А ўся прадукцыя для “Гродна Азота” наогул выпускаецца на асобным станку. Бярэцца “Твестуба” і за распрацоўку новых заказаў, якімі з’яўляецца практычна ўся падарункавая ўпакоўка.

Мінулы год быў складаней за астатнія – адбіліся і санкцыі, паколькі многія партнёры пастаўлялі сваю прадукцыю ў Еўропу. Але апошнія месяцы 2023-га зноў працавалі пад поўную загрузку, амаль штодня прыязджаюць за таварам заказчыкі і зараз. І хоць удзел у асноўных тэндарах яшчэ наперадзе, спадзяюцца, што юбілейны год таксама будзе прадукцыйным.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *