Надежда Губко занимается плетением корзинок из ротанга

Калейдоскоп

Пад гэтай рубрыкай мы звычайна расказваем пра самазанятых, што зарабляюць сабе на жыццё пры спрошчанай сістэме падаткаў. А вось Надзея Губко з катэгорыі, што сапраўды заняла сябе на зіму. “Кажуць, на заслужаным адпачынку няма чаго рабіць?” Задала яна ў сацыяльных сетках па сутнасці рытарычнае пытанне, бо адказ знаходзіўся тут жа – на яе фотаздымках. Яны пярэсцілі карычневымі, шэрымі, зялёнымі кошыкамі – эфектнымі і багатымі.

Ні з лазы і ні з папяровых трубачак – з ратангу. Гэты пластыкавы матэрыял не экзатычны, аднак не так шырока распаўсюджаны ў нашых майстроў. Між тым вельмі практычны, не баіцца ні вільгаці, ні перападу тэмператур. І эластычны, што робіць яго прыемным, лёгкім у рабоце, каляровыя стужкі пераплятаюцца, быццам робяць адмысловыя па ў танцы.

Менавіта таму спыніла на ім Надзея Леанідаўна выбар, калі шукала ў інтэрнэце варыянты абнаўлення старых керамічных гаршкоў. Кветак у яе доме зашмат і пакаёвых, і вулічных – і ўсім патрэбна прэзентабельная ўпакоўка. “Выкідаць было шкада, так і знайшла новы занятак. Глядзела, як плесці з лазы, аднак спужаў доўгі працэс нарыхтоўкі сыравіны, паперу адхіліла, паколькі мяркую вывешваць кашпо на вуліцы. Па сутнасці гэта было асноўнай мэтай – зрабіць прыгожымі дваровыя закуткі. З уваходу, ля агароджы кветкі ў годных вазонах, а на градках, дзе ў мяне і знаходзіцца ўся прыгажосць – па канчатковым прынцыпе. Паглядзела відэа, павучылася і пачала плесці выключна для сябе. Дочкі прыехалі – спадабалася. На падарунак узялі. У сетках фота кінула, таксама водгук атрымала. Вось і вырашыла зарэгістравацца як самазанятая, каб без праблем на рынак выйсці, калі будуць лішкі. Тым больш што я нічога не губляю. Пры даходзе менш 2 тысяч у год рэгістрацыі падаткі не плаціш”, – расказвае цікаўная жанчына.

Хаця распачала занятак толькі зімой, ужо і варыянтаў выканання, і задум у Надзеі Леанідаўны шмат. Коска, сетка, двайное пляценне, з ручкамі, у выглядзе велікодных кошыкаў, вялікіх вазонаў і маленькіх кашпо. У такія сёлета мяркуе перамясціць і цюльпаны, якія заўсёды расціць у асобных ёмістасцях, вымае з клумбы, калі ўтвараюцца непрыгожыя сцябліны, вывешвае на даспяванне ў прыцененае някідкае месца. Мяркуе зрабіць і арыгінальную аплеценую клумбу са старых начовак. Наогул форма і аб’ём могуць быць рознымі, паколькі ў аснове любога вырабу цвёрды посуд, звычайна пластыкавыя вядро ці міска. Самастойна ратангавыя вырабы таксама могуць існаваць, толькі з пагрозай згубіць форму. Ну а ў такім выглядзе хочаш адразу выкарыстоўвай пад сыпучыя ці вазоны, або ўстаўляй у іх іншую ёмістасць. Можна і агароджы плесці для палісаднікаў, варта толькі падлічыць кошт вашых задум.

Надзея Леанідаўна пра прыбытак пакуль не думае, а вось падарункі сваімі рукамі на 8 сакавіка ўжо падрыхтавала для ўсіх сваячак. Можаце заказаць і вы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *