Хроника происшествий на Ушаччине за февраль

Закон - один для всех Происшествия

Па інфармацыі Ушацкага РАУС, у лютым у раёне ўзбуджана тры крымінальныя справы. Што адметна, абышлося без фактаў крадзяжу, а таксама траплення грамадзян на ўлоўкі інтэрнэт-махляроў.

Дзяцей – трое, адказнасці – нуль

Факт прызнання дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне мнагадзетную маці 1982 года нараджэння ніколькі не збянтэжыў. “Сплавіўшы” іх з дому, жанчына працягвала разгульны лад жыцця, на работу ва УП ЖКГ з-за п’янак часта не выходзіла. Як вынік – займела крымінальную справу і “пуцёўку” ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

 

Падвяла тэхніка бяспекі

Непрыемная сітуацыя адбылася ў кастрычніку 2023 года ў КУСГП “Глыбачаны”: пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў работнік зваліўся з вышкі і атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля правядзення праверак крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах пасаднай асобы гаспадаркі, адказнай за тэхніку бяспекі.

 

Засумаваў па кратах

Над судзімым ушачанінам 1984 года нараджэння супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі ажыццяўляўся прэвентыўны нагляд. Аднак такая акалічнасць мала яго непакоіла – у вызначаны час мужчына адсутнічаў па месцы жыхарства, у РАУС не з’яўляўся. У яго адносінах узбуджана чарговая крымінальная справа.

 

З абрэзам і патронамі

Некалькі гадоў таму жыхар Вяркуд перадаў свайму таварышу з гэтай жа мясцовасці патроны і абрэз. Адкуль яны ўзяліся ў першага і навошта спатрэбіліся другому, застаецца загадкай, паколькі парушальнікі за гэты час памерлі. Адпаведна зараз было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальных спраў за незаконныя дзеянні ў адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў.

“За выраб, збыт, перадачу, захоўванне незаконнага “арсеналу” ўстаноўлена адказнасць па арт. 295 КК Рэспублікі Беларусь, санкцыя якога прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі, – нагадвае першы намеснік начальніка Ушацкага РАУС Іван Іванавіч Балай. – Асобы ж, якія добраахвотна здалі зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, ад падобных праблем з законам вызваляюцца. Паведаміць пра правапарушэнні, атрымаць інфармацыю аб парадку здачы ўказаных прадметаў можна па тэлефоне “102”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *