В рамках акции ”День с предприятием» на экскурсии в Ушачском районе электрических сетей побывали учащиеся Ильюшинской школы

Образование и молодежь

Столькі зацікаўленых вачэй Ушацкі раён электрычных сетак, напэўна, яшчэ не бачыў. У рамках акцыі “Дзень з прадпрыемствам” у сераду на экскурсію сюды завіталі вучні Ільюшынскай школы. Прычым, не толькі старшакласнікі – пазнаёміцца з калектывам, ускладзенымі на яго функцыямі для далейшага прафесійнага самавызначэння пажадалі і прадстаўнікі 7-8 класаў.

Адказную місію праважатага ўзяў на сябе адзін з самых вопытных супрацоўнікаў РЭС, галоўны інжынер В.І.Лемеш. Напачатку сустрэчы ён правёў са школьнікамі невялікі лікбез па тэхніцы бяспекі: разам прыгадалі Закон Ома і падлічылі сілу электрычнага току ў нашых дамах (дарэчы, многіх шакіравала, што яна ўдвая большая за тую, якой дастаткова для атрымання смяротнай траўмы), прагаварылі алгарытм дзеянняў пры выяўленні сапсаванай разеткі, знаходжанні на дарозе электрапроваду… Аматарам рыбнай лоўлі Валерый Іванавіч параіў адмовіцца ад такога занятку пад лініямі электраперадачы: вуглепластыкавыя вуды добра праводзяць электрычны ток, а зачапіць імі правады вельмі проста.

Абмеркавалі і працоўныя будні спецыялістаў РЭС. На сённяшні дзень іх у калектыве 65, усе маюць профільную адукацыю. “Накіраванні на паступленне ў адпаведныя навучальныя ўстановы выдае Полацкі філіял, і хоць зараз ва Ушачах вакантных месцаў няма, яны могуць з’явіцца, пакуль вы адвучыцеся”, – патлумачыў галоўны інжынер. На пытанне ж школьнікаў пра заработную плату адказаў шчыра: яна дастойная, тым больш калі ёсць стаж, катэгорыя… Але трэба быць гатовым да строгай дысцыпліны, пастаяннай пераатэстацыі, да няпростых будняў без права на памылку!

У рамках раённай акцыі “Дзень з прадпрыемствам” праведзена ўжо звыш 10 падобных мерапрыемстваў. Актыўна ўдзельнічаюць у іх і школьнікі з сельскіх навучальных устаноў – наведваюць як мясцовыя, так і ўшацкія арганізацыі.

Праводзячы экскурсію па кабінетах спецыялістаў, дыспетчарскай службы, тэрыторыі прадпрыемства, Валерый Іванавіч расказаў пра мадэрнізацыю, якая тут пастаянна праводзіцца. Не хаваў радасці ад набытых нядаўна вышак, якія выкарыстоўваюцца замест традыцыйных “кіпцюроў” для ўзняцця работнікаў на вышыню, магутных агрэгатаў для ліквідацыі кустоў пад лініямі электраперадачы.

“Калі будучых выпускнікоў зацікавіла наша работа, падыходзьце ў асабістым парадку – падрабязней пракансультуем”, – зазначыў кіраўнік прадпрыемства Андрэй Пятровіч Лукашэвіч. І такая прапанова, думаецца, знойдзе водгук: некаторыя з юных ільюшынцаў ужо бачаць сябе энергетыкамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *