Работы районного этапа детско-юношеского конкурса изобразительного искусства показали в детской школе искусств

Образование и молодежь

“Вобраз Радзімы любімай” – такую назву мае дзіцяча-юнацкі конкурс выяўленчага мастацтва, які праводзяць сёлета міністэрствы культуры і адукацыі. Мяркуецца, што праз малюнкі юныя мастакі змогуць яшчэ больш развіць пачуццё патрыятызму і павагі да беларускай дзяржаўнасці, усвядоміць неабходнасць беражлівых адносін да гістарычнай спадчыны і культурных традыцый свайго народа і, вядома ж, праявіць уласныя таленты.

Работы першага раённага этапу дэманстраваліся на выставе ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў імя Д.У.Крупені, а на гэтым тыдні журы вылучыла пераможцаў у трох узроставых катэгорыях, якія прадставяць раён на абласным этапе. У малодшай групе (10-12 год) лепшымі прызнаны малюнкі Дар’і Глінскай з Арэхаўскай школы, Лізаветы Шамшуры і Аляксандры Брэнько з ДШМ. Шмат дастойных твораў прадставілі 13-15-гадовыя мастакі, у Віцебск жа накіруюцца работы выхаванцаў школы мастацтваў Арцёма Пашуты і Вікторыі Праннік, а таксама Яраславы Ліпаўкі (раённы цэнтр дзяцей і моладзі). Гэту ўстанову прадстаўляе і пераможца са старэйшай групы Яўген Талмачоў.

Пасля абласнога этапу лепшыя малюнкі трапяць на заключны, рэспубліканскі. Работы ж пераможцаў увойдуць у экспазіцыю выставы, якая адкрыецца ў верасні ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. “Для юных мастакоў гэта выдатны шанс, каб заявіць пра сябе, праславіць установу, дзе яны навучаюцца выяўленчаму мастацтву”, – падкрэсліла старшыня журы, загадчык сектара культуры райвыканкама Лідзія Шкаруба.

Работы, як бачыце, ва ўшачан дастойныя, будзем спадзявацца, што іх ацэняць і на наступных этапах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *