Учащиеся Ушачской детской школы искусств приняли участие в областном конкурсе «Мелодии весны»

Образование и молодежь

Абласны конкурс “Мелодыі вясны”, які праводзіць Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, за 9 год свайго існавання стаў прызнанай творчай пляцоўкай для таленавітых юнакоў і дзяўчат Прыдзвіння. Сёлета рэзультатыўны ўдзел у ім прынялі і некалькі навучэнцаў Ушацкай ДШМ.

Вялікая канкурэнцыя была ў намінацыі салістаў-інструменталістаў, але нашаму юнаму балалаечніку Дзянісу Лаюшку ўдалося заваяваць дыплом лаўрэата ІІ ступені. Разам са сваім педагогам Галінай Хвошч яны сёлета спецыяльна падрыхтавалі новы твор “Мой родны кут”, які ўпрыгожыў конкурсную праграму. Нельга не адзначыць і ўклад у гэты поспех канцэртмайстра Святланы Валовай.

Парадавалі і дзяўчаты з аддзялення эстраднага вакалу. Вольга Цімафеева стала лаўрэатам ІІІ ступені, а Ульяна Храпавіцкая атрымала спецыяльны дыплом за арыгінальнасць выканання. Дарэчы, з гэтымі дасягненнямі варта павіншаваць і педагога Вольгу Пугачову, якая з нядаўняга часу навучае вакалістаў. “Абавязковым патрабаваннем конкурсу было выкананне патрыятычнай песні, і нашы дзяўчаты выглядалі ў гэтых вобразах вельмі арганічна. Оля ўключыла ў сваю праграму зусім новы твор “Родных прастораў акварэлі”, а ўвогуле яна ўпэўнена адчувае сябе на сцэне, бо ўжо некалькі год з’яўляецца пастаяннай удзельніцай раённых канцэртаў. Адным з нумароў Ульяны быў хіт савецкіх часоў “Малююць хлопчыкі вайну”, які яна выканала вельмі артыстычна і пранікнёна. Гэтым дыпломам папярэднічала вялікая работа на рэпетыцыях, і мы вельмі рады, што папоўнілі скарбонку дасягненняў нашага аддзялення”, – пракаменціравала выступленні Вольга Віктараўна.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *