Сотрудники ОГАИ Ушачского РОВД увеличили количество рейдов по объектам АПК перед началом посевной

Профилактика и безопасность

Баявы настрой аграрыяў, гатоўнасць тэхнікі – важныя ўмовы паспяховай пасяўной. Уносяць сваю лепту ў гэту справу і праваахоўнікі – на Ушаччыне павялічылася колькасць рэйдаў па аб’ектах АПК.

Такая пільная ўвага, лічаць вопытныя кіраўнікі, дапамагае, бо часам бывае складана за ўсім усачыць. Наяўнасць у механізатараў дзеючых вадзіцельскіх пасведчанняў, своечасовая замена і паверка алкатэстараў, спраўнасць і годная ўкамплектацыя транспарту – усё гэта і іншае правяраюць удзельнікі рэйдавых мерапрыемстваў. І, як паказвае практыка, не абыходзіцца без выяўленых хібаў.

– Затрымалі нядаўна бяспраўніка на трактары, – прыводзіць прыклад начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага райаддзела міліцыі М.Л.Гаўрылюк. – У трох гаспадарках выпускаўся на лінію транспарт без пройдзенага тэхагляду, у адной адсутнічала страхоўка на яго, у дзвюх – неабходныя маячкі. У некалькіх увогуле не аказалася алкатэстараў. І практычна ўсюды былі факты зацягнутага рамонту тэхнікі, адсутнасці спецадзення.

Спынілі ўшацкія праваахоўнікі і спробу прадстаўнікоў Глыбоччыны незаконна прадаць адну адзінку сельгастэхнікі за межы краіны. 3 сакавіка на выездзе з нашага раёна быў спынены трактар, які рухаўся ў накірунку Расійскай Федэрацыі. Вадзіцель патлумачыў, што пераганяе тэхніку для рамонту, але паказаў дакументы зусім ад іншага сродку. Кіраўніцтва гаспадаркі і прыватнік, на балансе якога знаходзіцца транспарт, дарма спадзяваліся, што падмену не заўважаць… Па ўзгаданым факце праводзіца праверка.

– Па лініі тэхнічнага нагляду намі выдадзена ўжо пяць прадпісанняў, тры юрыдычныя асобы і пяць пасадных прыцягнуты да адказнасці, – кажа Мікалай Леанідавіч. – Але ж падкрэслю: наша галоўная задача – не пакараць! Усе дробныя парушэнні ліквідуюцца на месцы. Кантроль жа за ўхіленнем складаных стымулюе аграрыяў да актыўных дзеянняў, што ў сваю чаргу і эфектыўнасць работы, і бяспеку павышае.

Падрыхтавала
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *