На очередном заседании межведомственного экспертно-координационного совета по вопросам развития туризма обсудили планы и проблемы сферы

Общество

На чарговым пасяджэнні міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па пытаннях развіцця турызму абмеркавалі планы і праблемныя моманты дзейнасці галіны.

Асобна абмяркоўваўся план па развіцці паляўнічага турызму на бягучы і наступны год. Займаюцца названым напрамкам Ушацкі лясгас і РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. У гэтым сезоне даволі вялікі інтарэс да набыцця паляўнічых тураў праяўляюць госці з Расійскай Федэрацыі. У цяперашні час аматараў падобнага актыўнага адпачынку цікавіць здабыча гусака, у БТПР ужо маюцца заяўкі на казулю (яе можна будзе здабываць у маі) і нават на аленя, паляванне на якога адкрыецца бліжэй да восені. Лясгасаўцы ж прапануюць туры на ваўка, палявую дзічыну, плануюць зацікавіць замежных гасцей паляваннем на зайца. Асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасці плённага супрацоўніцтва розных суб’ектаў, якія рэалізуюць турыстычныя паслугі на тэрыторыі нашага раёна. Да прыкладу, быў агучаны факт, што госці, якія палююць ва ўшацкіх угоддзях, размяшчаюцца для пражывання ў аграсядзібе на Глыбоччыне. Вядома ж, іх нельга прымусіць прыняць іншае рашэнне, але можна падказаць, параіць нашы прывабныя і выгадныя аб’екты.

Праблемай для раёна па-ранейшаму застаецца дэфіцыт кемпінгаў, аўтастаянак, спецыяльна абсталяваных месцаў адпачынку. Недастаткова плённа выкарыстоўваюцца багатыя водныя рэсурсы. У гэтым напрамку шырокае поле дзейнасці ў ЖКГ, лясгаса, але трэба, каб падыход быў больш маштабны і крэатыўны. “Турыстычная галіна на Ушаччыне мае вялікую перспектыву. І да нас абавязкова прыйдуць інвестары, але трэба іх зацікаўліваць, упэўніваць. Работа гэта карпатлівая, аднак яна абавязкова дасць плён, і мы будзем прыгадваць, як складана ўсё ішло на пачатку…”, – рэзюмаваў старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *