В мае в Беларуси проводится месячник агроэкотуризма

Калейдоскоп

Май аб’яўлены ў Беларусі месяцам аграэкатурызму. Гэты накірунак лічыцца адным з самых прыярытэтных і запатрабаваных у турыстычнай сферы нашай краіны. Айчынныя і замежныя адпачываючыя могуць не толькі з карысцю для здароўя правесці час у экалагічна чыстай мясцовасці, а і больш даведацца пра беларускую культуру і быт, нацыянальныя традыцыі, абрады, народныя рамёствы, ацаніць стравы мясцовай кухні.

Першыя аграсядзібы з’явіліся ў Беларусі ў 2006-м годзе: тады іх было ўсяго 36, зараз жа – каля 1300. Лідарам па колькасці аб’ектаў з’яўляецца сталічны рэгіён, дзе зарэгістравана 371 сядзіба. На Віцебшчыне на пачатак года іх было 162.

Нагадаем, што летась беларускія сядзібы павінны былі прайсці перарэгістрацыю: новы указ прынялі для павышэння якасці паслуг і выключэння магчымасці весці пад іх выглядам рэстаранны і гасцінічны бізнес. Таму, напрыклад, прыкметна зменшыўся пералік браслаўскіх аб’ектаў: тыя, дзейнасць якіх была звязана са здачай жылля ў наём, больш не лічацца аграсядзібамі. А вось усе ўшацкія аб’екты паспяхова прайшлі перарэгістрацыю. Зараз у нашым раёне 9 аграэкасядзіб, прычым да тых, што працуюць даўно, далучыліся новыя: “Бераг мары” ў вёсцы Белае, “Аляксандраўскія горы”, што на беразе возера Крывое. У бліжэйшы час мяркуем там пабываць і расказаць пра іх чытачам. Поўны ж пералік нашых сядзіб змешчаны на сайце “Юность-Ушачи” ў раздзеле “Турцэнтр” – “Турызм ва Ушацкім раёне”.

На Віцебшчыне ў лідарах зараз Глыбоцкі раён, дзе зарэгістравана 32 аграсядзібы. А вось у Дубровенскім і Талачынскім такіх аб’ектаў на пачатак года ўвогуле не было.

Патэнцыял нашага краю вельмі прывабны, і няма сумненняў, што колькасць аграсядзіб на Ушаччыне будзе павялічвацца.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *