Пошукі рэцэптаў, пах свежай выпечкі, дэгустацыі… У аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН адкрылася майстэрня “Пернікавыя задумы”. Пад кіраўніцтвам інструктара па працоўнай тэрапіі Наталлі Касіч двойчы на тыдзень дзяўчаты гатуюць смачныя вырабы (на здымку).
Такую прадукцыю, кажа загадчыца аддзялення Наталля Глінская, і гасцям сацустановы прэзентуюць, і на розных мерапрыемствах рэалізоўваюць. Гатуюцца ж пернікі ў спецыяльна набытай для гэтых мэт духавой шафе, з якасных інгрыдыентаў, якія купляюць за пазабюджэтныя сродкі. Дзякуючы спонсарскай дапамозе з’явіліся тут спецыяльныя бамбукавыя дошкі – для стварэння прыгожых форм кандытарскіх вырабаў. Рэцэптуры ж выкарыстоўваюцца зараз дзве: з начынкай і без – выбралі іх з вялікай колькасці апрабаваных.
Харчовай вытворчасцю такі занятак, канечне, не назавеш – хутчэй развіццём кулінарных навыкаў. Але ж у якасці пернікаў – сумненняў ніякіх: усё кантралюецца вопытнымі гаспадынямі, работніцамі аддзялення.
“Пернікавыя задумы”, кажуць яны, – гэта яшчэ і пра зносіны. За сумеснай працай людзі з інваліднасцю абменьваюцца думкамі, уражаннямі, што робіць працэс рэабілітацыі больш цікавым, пазнавальным. Магчымасць жа падзяліцца вынікамі работы з блізкімі дадае стымулу ў асваенні кандытарскай справы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.