Вокальный квартет «Вдохновение»: обновленный состав, народная музыка и дебютный успех на республиканском конкурсе

Культура

Вакальны квартэт “Натхненне” – адзін з самых вядомых і заслужаных творчых калектываў нашага раёна.

У скарбонцы яго дасягненняў – перамогі ў прэстыжных конкурсах, выступленні на лепшых сцэнах краіны і высокае званне народнага. У апошні час у ансамблі цалкам абнавіўся склад. Адпаведна, змяняецца і рэпертуар, прычым творчыя акцэнты вакалісткі вырашылі змясціць у бок народнай музыкі.

Кіраўніком калектыву стала маладая выкладчыца Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Дар’я Ясюковіч. Ураджэнка Пастаўскага раёна сёлета скончыла з адзнакай Наваполацкі музычны каледж, размеркавалася ў нашу ўстанову і навучае дзяцей вакалу. “Ва Ушачах мне падабаецца: цудоўная школа, добразычлівыя калегі, няма і бытавых праблем – атрымала пакой у інтэрнаце. Прапанова ўзначаліць знакаміты калектыў стала нечаканасцю і я, канечне, пастараюся апраўдаць давер. Спадзяюся, што дапаможа вопыт удзелу ў ансамблі народнай песні “Дзвінскія пералівы”, у складзе якога падчас вучобы выступала на міжнародных конкурсах”, – падзялілася з намі Дар’я.

Разам з ёй у “Натхненні” зараз спяваюць выкладчыкі ДШМ Вольга Пугачова і Марыя Кісялёва – апошняя, дарэчы, – былая выпускніца нашай школы па класе фартэпіяна і таксама сёлета папоўніла яе калектыў пасля заканчэння каледжа. Чацвёртая ж удзельніца – Вікторыя Гулюта – скончыла аддзяленне эстраднага вакалу ДШМ і хоць працуе ў Дэпартаменце аховы, з музыкай не развітваецца.

Першым выпрабаваннем для абноўленага калектыву стаў рэспубліканскі конкурс патрыятычнай песні “Сердцем причастны”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На яго было пададзена 270 заявак, і пасля папярэдняга адбору на заключны этап у Оршу прыехалі 160 вакалістаў і ансамблей з Беларусі і Расіі. Ушачанкі падрыхтавалі для выступлення кранальны твор ваеннай тэматыкі “Плач маці” і народную песню “Вярба”. Наш квартэт прайшоў у фінал і прыняў удзел у гала-канцэрце, падчас якога былі названы пераможцы конкурсу. Сярод іх аказалася і “Натхненне”, якое атрымала дыплом лаўрэатаў ІІІ ступені ў сваёй намінацыі.

“Мы вельмі рады паспяховаму дэбюту дзяўчат! – адзначае дырэктар школы мастацтваў Наталля Іванова. – Безумоўна, гэты вынік надасць ім натхнення і ўпэўненасці. Мне ж асабліва прыемна, што малады калектыў спрабуе сябе ў народным стылі, бо і сама з’яўляюся прыхільніцай музыкі, якая дапамагае зберагаць культурную спадчыну нашых продкаў”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *