Па інфармацыі раённага аддзела ўнутраных спраў, у кастрычніку-лістападзе на Ушаччыне было ўзбуджана 15 крымінальных спраў.
Дзень адчыненых дзвярэй
Гаспадар аднаго з дамоў у вёсцы Пліна, з’язджаючы на некаторы час ва Ушачы, не зачыніў уваходныя дзверы. Упусціць такую ўдачу нячысты на руку мясцовы жыхар не змог – выкраў 2 алюмініевыя біклагі, 15 чыгунных катлоў, маток шпагату, мангал, металічныя слупы і іншую маёмасць на агульную суму 700 рублёў. Скарб перадаў ужо судзімаму аднавяскоўцу, які, ведаючы пра незаконнасць паходжання рэчаў, рэалізаваў большую іх частку знаёмаму за 100 рублёў. Промыслы дзелавых партнёраў былі раскрыты праваахоўнікамі. У адносінах абодвух узбуджаны крымінальныя справы.
Зноў два ўгоны
Пакідаючы сваю машыну для рамонту прыватніку, гаспадар і падумаць не мог, што сутыкнецца з праблемамі. Жыхар раёна 1990 года нараджэння стаў не над спраўнасцю транспартнага сродку працаваць, а на дарогах яго выпрабоўваць – па ўласных патрэбах паехаў у Полацк, дзе пашкодзіў аўто.
Засвяціўся перад праваахоўнікамі і 38-гадовы ўжо судзімы ўраджэнец Полаччыны. На тэрыторыі ўшацкага СТА “Гараж”, дзе неафіцыйна працуе, наладзіў з таварышам банкет. Калі ж выпітага аказалася мала, пешшу ісці да магазіна паленаваўся – узяў ключы ад чужой машыны, якая знаходзілася на рамонце, і на добрым падпітку паімчаў у “Капеечку”. На адваротным шляху прама ля райаддзела міліцыі мужчыну затрымалі. У адносінах яго па факце ўгону была ўзбуджана крымінальная справа. Яшчэ адна – за паўторную
п’яную язду.
Рыбалка з наступствамі
Напрыканцы верасня дагэтуль не судзімыя жыхары Наваполацка 1981 і 1983 гадоў нараджэння на возеры Павульскае забароненымі прынадамі – стаўнымі сеткамі – здабылі 182 асобіны рознай рыбы. Такі ўлоў абыдзецца ім у 9 тысяч 360 рублёў. І гэта толькі ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю, не кажучы пра штраф за здзейсненае правапарушэнне.
“Вясёлая” расліна падвяла
Калі ў кішэні жыхара райцэнтра 1993 года нараджэння праваахоўнікі выявілі невялікі запас марыхуаны, той пачаў “пераводзіць стрэлкі” – маўляў, ён ні пры чым, збытам такога зелля займаецца яго знаёмая, ураджэнка Ушач. У першым мужчына дакладна схлусіў: праведзеная праверка паказала, што “вясёлую” расліну ён самастойна культываваў на прысядзібным участку. А вось яго наводка спрацавала – па месцы жыхарства жанчыны марыхуана таксама была, праўда, адказнасць за яе захоўванне ўзяў на сябе 33-гадовы сябар нашай зямлячкі з Лепеля. Па факце незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў у адносінах абодвух мужчын узбуджаны крымінальныя справы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.