Валентина Владимировна Куксова

Наш современник Сельское хозяйство

 “Гэта адзін з лепшых работнікаў у жывёлагадоўлі, дастойны прыклад усім астатнім. Усім бы такое старанне і неабыякавасць!” – так характарызуе даглядчыцу жывёлы Валянціну Уладзіміраўну Куксову кіраўніцтва ААТ “Ільюшынскі”. Пасля знаёмства з ёй да гэтых слоў захацелася дадаць, што гэта яшчэ і добразычлівая, шчырая жанчына, цудоўная гаспадыня, любячая дачка, жонка і маці.   Хоць родам Валянціна Уладзіміраўна з Ільюшына, але пачынала сваю працоўную дзейнасць у адной з гаспадарак Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Туды яе завёў сам лёс, калі аднойчы яна паехала да сяброўкі ў госці і пазнаёмілася з будучым мужам. Праз два гады маладая сям’я пераехала на Ушаччыну – Валянціна ўгаварыла мужа жыць бліжэй да маці і родных. Уладкаваліся на працу ў калгас “Дружба”, Валянціна Уладзіміраўна на свінаферму, а яе муж Міхаіл Рыгоравіч – механізатарам. Перасяліліся ў новы дом, які выдзеліла гаспадарка, хутка перавезлі сюды і маці мужа. 

Пазней, калі свінаферма была ліквідавана, Валянціна Уладзіміраўна стала даглядчыцай маладняку буйной рагатай жывёлы. На гэтым месцы шчыра працуе і па сённяшні дзень. У яе групе, якую даглядае з калегам, больш ста галоў жывёлы, да кожнай адносіцца, як да ўласнай. У яе заўсёды высокі паказчык па захаванасці маладняку, а таксама нядрэнныя прывагі. Так, за 2010 год сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы па групе В.У.Куксовай склалі 679 грамаў, што ў параўнанні з папярэднім годам вышэй на 183 грамы. За 10 месяцаў бягучага года ўжо дасягнуты 700-грамовыя прывагі.

Валянціна Уладзіміраўна па выніках года неаднаразова станавілася пераможцам унутрыгаспадарчых спаборніцтваў. За добрыя адносіны да працы, выкананне абавязкаў, вялікі стаж работы ў жывёлагадоўлі В.У.Куксовай прысвоена званне “Майстар жывёлагадоўлі 1 класа”, яе імя занесена на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства.

Акрамя гэтага, жанчына заўсёды прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гаспадаркі, знаходзіцца ў камісіі па садзейнічанні сям’і і школе. Усяляк імкнецца ўздзейнічаць на нядбайных бацькоў.

Валянціна Уладзіміраўна разам з мужам вырасціла і выхавала дастойнымі людзьмі траіх дзяцей – дзвюх дачок і сына, якія жывуць у Мінску і Віцебску і, нягледзячы на адлегласць, стараюцца часцей наведваць бацькоў. Не можа нарадавацца жанчына на пакуль толькі аднаго ўнука. Пастаянна дапамагае сваёй маці, якая жыве ў суседняй вёсцы.

Сям’я Куксовых вядзе і асабістую падсобную гаспадарку, дзе ёсць конь, свінні, куры, трусы, іншая жыўнасць. А дом з ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках, якія Валянціна Уладзіміраўна вельмі любіць. Шмат увагі тут удзяляецца добраўпарадкаванню і парадку ў доме. У вольны час жанчына паспявае яшчэ і вязаць самыя розныя рэчы для сябе, дзяцей і ўсіх родных.

Пабольш бы нашаму грамадству такіх вось працавітых людзей, якія не скардзяцца на цяжкую работу, складаную эканамічную сітуацыю і няпростае жыццё, а самі робяць сябе шчаслівымі і ствараюць дабрабыт уласнымі рукамі.

В.ПОЛАЗАВА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *