У краіне стартавала экалагічная акцыя “Беларусь сінявокая”, да якой актыўна падключыліся вучні Арэхаўскай СШ. Валанцёрскі атрад “ЭКА-Шанц” сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і работнікамі Сарочынскага сельвыканкама 21 красавіка займаліся добраўпарадкаваннем берага Арэхаўскага возера, якое, дарэчы, адносіцца да значных водных аб’ектаў фонду запасу рыбалоўных угоддзяў.
Вынікам засталіся задаволеныя: стала намнога чысцей, а адначасова ўдалося паназіраць за прыгажуном-лебедзем. А працаваць вялікай кампаніяй заўсёды прыемна, да таго ж камунгас выдзеліў транспарт і сабраныя шматлікія пакеты адразу накіраваліся на звалку.
2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, неабходна навесці парадак на беларускай зямлі. Таму ў вясновы перыяд так актыўна стартуюць экалагічныя рэйды, і прыгаданы вышэй – не першы, у якім удзельнічаюць навучэнцы і ўвесь калектыў нашай школы. На працягу года бачны плён акцый “Клумба” і “Чысты двор” – кожны клас даглядае свой кветнік, вырошчвае для яго расаду. Ну а калі выходзім на “БУНТ” (буйная ўборка нашай тэрыторыі) – то ахопліваем значныя плошчы і наводзім дасканалы парадак, у тым ліку і ля памятных мясцін.
Нават жывёлы падключыліся да Года добраўпарадкавання. Маю на ўвазе “знаёмых” баброў, якія дапамагаюць у зборы смецця. Іранізую, канечне, бо плаціна звярка затрымала мноства пустых бутэлек на рэчцы ў Завячэллі. Упэўнена, што калі б гэта піва ўжываў сам бабёр, ён не стаў бы засмечваць месца, у якім жыве. А вось людзі могуць. І вельмі шмат у нас яшчэ работы – не толькі ва ўборцы смецця, а перш за ўсё ў выхаванні экалагічнай культуры. Праўду кажуць: чыста не там, дзе мятуць, а там, дзе не брудзяць.
Таццяна ЛІЛЕНКА, настаўнік Арэхаўскай школы, грамадскі эколаг.